1 Сам 261 І прыйшлі Зіфейцы ў Гіву да Саўла, кажучы: «Ведай, Давід хаваецца на ўзгорышчы Хахіля, што на канцы пусткі». 2 І ўстаў Саўл, і вырушыў у пустыню Зіф, а з ім тры тысячы мужчынаў, выбранцоў Ізраіля, каб шукаць Давіда ў пустыні Зіф. 3 І разлажыўся табарам Саўл на ўзгорышчы Хахіля, на скраю пусткі каля дарогі. А Давід знаходзіўся ў пустыні, і ўбачыў, што выйшаў Саўл за ім у пустыню. 4 І паслаў Давід выведчыкаў, і ўпэўніўся, што Саўл сапраўды прыйшоў. 5 І ўстаў Давід, і прыйшоў да месца, дзе быў Саўл. І ўбачыў Давід месца, дзе спаў Саўл і Абнэр, сын Нэра, начальнік войска ягонага. А Саўл спаў у будане, і народ разлажыўся табарам вакол яго. 6 І адказаў Давід, і сказаў Ахімэлеху Хету і Абішаю, сыну Цэруі, брату Ёава, кажучы: «Хто пойдзе са мною ў табар да Саўла?» І сказаў Абішай: «Я пайду з табой». 7 І пайшлі Давід і Абішай цішком уначы да людзей [Саўла], і вось, Саўл ляжыць і сьпіць у будане, і дзіда ягоная ўбітая ў зямлю каля галавы ягонай, а Абнэр і народ сьпяць вакол яго. 8 І сказаў Абішай Давіду: «Сёньня Бог аддае ворага твайго ў рукі твае. Цяпер дазволь, і я прыб’ю яго дзідаю да зямлі раз, і другі ўжо раз ня будзе патрэбы». 9 І сказаў Давід Абішаю: «Не забівай яго, бо ці ж можа быць невінаваты той, хто падняў руку сваю на памазанца ГОСПАДАВАГА?» 10 І сказаў Давід: «Як жывы ГОСПАД, ГОСПАД пакарае яго, або прыйдзе дзень ягоны і ён памрэ, або ён загіне, пайшоўшы на вайну. 11 Няхай захавае мяне ГОСПАД, каб я падняў руку сваю на памазанца ГОСПАДАВАГА. А цяпер вазьмі дзіду, што каля галавы ягонай і гляк з вадою, і пойдзем». 12 І ўзяў Давід дзіду і гляк з вадою, якія былі каля галавы Саўла, і яны пайшлі. І ніхто іх ня бачыў, і ніхто ня ведаў, і ніхто не прачнуўся, бо ўсе спалі покатам, бо сон ад ГОСПАДА зыйшоў на іх. 13 І перайшоў Давід на другі бок, і стаў на вяршыні гары здалёк, і быў вялікі прастор між імі. 14 І закрычаў Давід да людзей [Саўла] і да Абнэра, сына Нэра, кажучы: «Абнэр, чаму не адказваеш?» І адказаў Абнэр, і сказаў: «Хто ты? Чаму ты клічаш валадара?» 15 І сказаў Давід Абнэру: «Ці ты не мужчына? І хто зраўняецца з табой у Ізраілі? Дык чаму ты не пільнаваў гаспадара свайго, валадара? Бо нехта з народу ўваходзіў, каб забіць валадара, гаспадара твайго. 16 Нядобра тое, што ты зрабіў. Як жывы ГОСПАД! Заслужыліся вы на сьмерць, бо не пільнавалі гаспадара свайго, памазанца ГОСПАДАВАГА. І цяпер паглядзі, дзе дзіда валадара і дзе гляк з вадою, што стаяў каля галавы ягонай?» 17 І пазнаў Саўл голас Давіда, і сказаў: «Ці гэта голас твой, сыне мой Давід?» І Давід сказаў: «Гэта голас мой, гаспадару мой, валадар». 18 І сказаў: «Чаму гаспадар мой перасьледуе слугу свайго? Што я зрабіў? Ці ёсьць што ліхое ў руцэ маёй? 19 І цяпер няхай паслухае гаспадар мой, валадар, словы слугі свайго. Калі ГОСПАД намовіў цябе супраць мяне, няхай будзе Яму прыемны пах ахвяры. Але калі сыны чалавечыя [намовілі цябе], няхай будуць яны праклятыя перад абліччам ГОСПАДА, бо яны выгналі мяне сёньня, каб я ня меў часткі ў спадчыне ГОСПАДА, кажучы: “Ідзі і служы багам чужым”. 20 І цяпер няхай кроў мая ня будзе вылітая на зямлю далёка ад ГОСПАДА. Бо валадар Ізраіля выйшаў, каб шукаць адну блыху, як палююць у гарах на курапатку». 21 І сказаў Саўл: «Саграшыў я. Вярніся, сыне мой Давід, бо ўжо ніколі больш не зраблю табе крыўды, за тое, што дарагая была сёньня ў вачах тваіх душа мая. Вось, я быў неразумны, шмат разоў памыляўся». 22 І адказаў яму Давід, і сказаў: «Вось дзіда валадара. Няхай пяройдзе хто з юнакоў і возьме яе. 23 А ГОСПАД аднагародзіць кожнаму паводле праведнасьці ягонай і вернасьці ягонай. Аддаў цябе сёньня ГОСПАД у рукі мае, але я не хацеў выцягнуць рукі маёй на памазанца ГОСПАДАВАГА. 24 І як каштоўнай была душа твая ў вачах маіх, так няхай каштоўнай будзе душа мая ў вачах ГОСПАДА, і няхай абароніць Ён мяне ад усякага прыгнёту». 25 І сказаў Саўл Давіду: «Дабраслаўлёны ты, сыне мой Давід, бо ўсё, што будзеш рабіць, зробіш, і будзеш мець посьпех». І Давід пайшоў дарогай сваёй, а Саўл вярнуўся на месца сваё. |