1 ЦАРСТВАЎ 27 - Біблія (пераклад А.Бокуна)1 Сам 27 1 І сказаў Давід у сэрцы сваім: «У нейкі дзень я загіну ад рукі Саўла. Ці ня лепш мне схавацца ў зямлі Філістынцаў, каб кінуў Саўл шукаць мяне ў-ва ўсіх межах Ізраіля, і я ўхілюся ад рук ягоных». 2 І ўстаў Давід, і пайшоў ён і шэсьцьсот чалавек, якія з ім, да Ахіша, сына Маоха, валадара Гату. 3 І жыў Давід у Ахіша ў Гаце, ён і людзі ягоныя, кожны з домам сваім, Давід з дзьвюма жонкамі сваімі, Ахіноам з Езрээлю і Абігайль, жонкай Наваля з Кармэлю. 4 І паведамілі Саўлу, што Давід уцёк у Гат, і ён кінуў шукаць яго. 5 І сказаў Давід Ахішу: «Калі я маю ласку ў вачах тваіх, дай мне месца ў адным з гарадоў зямлі гэтай, каб я мог жыць там. Навошта слуга твой мае жыць з табою ў горадзе валадара?» 6 І даў яму Ахіш у той дзень Цыкляг, і таму Цыкляг [стаўся] горадам валадароў Юдэйскіх аж да гэтага дня. 7 І быў лік дзён, калі Давід жыў у зямлі Філістынцаў, год і чатыры месяцы. 8 І выходзіў Давід з людзьмі сваімі, і нападаў на Гешурцаў, на Гізрэяў і на Амалека, бо гэтыя народы жылі на зямлі пры дарозе на Шур і аж да зямлі Эгіпецкай. 9 І пустошыў Давід тую зямлю, не пакідаючы жывымі ані мужчыны, ані жанчыны, і забіраў авечак, валоў, аслоў, вярблюдаў і адзеньне, і вяртаўся, і прыходзіў да Ахіша. 10 І казаў Ахіш: «На каго нападалі вы сёньня?» А Давід казаў: «На Нэгеў Юдэйскі і на Нэгеў Ерхамээля, і на Нэгеў Кенэйскі». 11 Ані мужчыны, ані жанчыны не пакідаў пры жыцьці Давід, каб прыводзіць іх у Гат, бо казаў ён: «Каб не паведамілі пра нас, кажучы: “Гэта зрабіў Давід”». І гэткія былі справы ягоныя ў-ва ўсе дні, калі ён жыў у краіне Філістынцаў. 12 І давяраў Ахіш Давіду, кажучы: «Стаўся ён зьненавіджаны ў народзе сваім, Ізраілі, і будзе ён мне слугою вечна». |