Пс 461 Кіраўніку хору. Сыноў Караха. На аламот. Сьпеў. 2 Бог для нас — прыстанішча і моц, у бядзе ўспамога, якая заўсёды прыходзіць. 3 Дык ня будзем баяцца, хоць бы захісталася зямля і горы рушылі ў сэрца мора, 4 хоць бы раўлі і ўздымаліся воды ягоныя, хоць бы трэсьліся горы ад шалу яго. (Сэлях) 5 [Вось] рака, струмяні ейныя радуюць горад Божы, сьвятую сялібу Найвышэйшага. 6 Бог пасярод яго, дык ён не захістаецца; Бог дапаможа яму, як настане раніца. 7 Зараўлі народы, захісталіся валадарствы; Ён выдаў голас Свой, і зямля растапілася. 8 ГОСПАД Магуцьцяў з намі, умацаваны замак наш — Бог Якуба. (Сэлях) 9 Прыйдзіце, пабачце дзеі ГОСПАДА, якое спусташэньне Ён зрабіў на зямлі, 10 Ён войны спыняе аж да краю зямлі, крышыць лукі і дзіды расьсякае, калясьніцы паліць у агні. 11 «Спыніцеся, пазнайце, што Я — Бог! Я буду ўзьвялічаны між народамі, буду ўзьвялічаны на зямлі!» 12 ГОСПАД Магуцьцяў з намі, умацаваны замак наш — Бог Якуба! (Сэлях) |