ПСАЛТЫР 45 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 45 1 Кіраўніку хору: на лад “Лілеі”. Сыноў Караха. Навучаньне. Песьня вясельная. 2 Сэрца маё пераліваецца словамі добрымі. Я расказваю твор мой пра Валадара. Язык мой — як пёрка спраўнага пісара. 3 Ты прыгажэйшы за ўсіх сыноў чалавечых, ласка ліецца з вуснаў Тваіх! Таму дабраславіў Цябе Бог на вякі. 4 Падперажы, Волаце, паясьніцу мячом Тваім, славай Тваёй і веліччу Тваёй! 5 І ў велічы Тваёй мей посьпех, сядзь [пераможна] са словам праўды і лагоднай праведнасьці, і правіца Твая няхай навучыць цябе страху [Божаму]. 6 Стрэлы Твае вострыя, народы ўпадуць пад [ногі] Твае, яны [скіраваныя] ў сэрцы ворагаў Валадара. 7 Пасад Твой, Божа, на вякі вечныя! Кій роўнасьці — кій валадарства Твайго. 8 Ты палюбіў праведнасьць і ўзьненавідзеў бязбожнасьць. Дзеля гэтага памазаў Цябе, Божа, Бог Твой, алеем радасьці больш за таварышаў Тваіх. 9 Усё адзеньне Тваё — [быццам] міра, альвас і касья; у палацы з косьці слановае [граньне] на струнах вяселіць Цябе. 10 Дочкі валадароў сярод шанаваных Тваіх; сужонка Валадара стаіць праваруч Цябе ў шчырым золаце з Афіру. 11 «Слухай, дачка, і ўзглянь, і прыхілі вуха тваё, і забудзься пра народ твой і пра дом бацькі твайго. 12 І калі Валадар прыгажосьці тваёй зажадае, ты схіліся перад Ім, бо Ён — Госпад твой». 13 I дачка Тыру з дарам [прыйдзе] перад аблічча тваё, панізяцца багатыя народу. 14 Уся аздоба дачкі валадара ўнутры, золатам апраўлены шаты яе. 15 У вопратках рознакаляровых вядуць яе да Валадара; дзяўчыны [ідуць] за ёю, сяброўкі ейныя ідуць да цябе. 16 Іх вядуць у радасьці і вясёласьці, і ўваходзяць яны ў палац Валадара. 17 Замест бацькоў Тваіх будуць сыны Твае; іх паставіш князямі па ўсёй зямлі. 18 Я зраблю памятным імя Тваё з пакаленьня ў пакаленьне; таму народы будуць славіць Цябе на вякі вечныя. |