Лікі 101 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 2 «Зрабі сабе дзьве трубы срэбныя, кутыя, і будуць яны склікаць усю грамаду, каб рыхтаваць табар [у дарогу]. 3 І затрубяць [у трубы], і зьбярэцца да цябе ўся грамада да ўваходу ў Намёт Спатканьня. 4 А калі ў адну затрубяць, зьбяруцца да цябе князі і начальнікі дружынаў Ізраіля. 5 Калі затрубіш працягла, выйдзе [ў дарогу] табар, які з усходняга боку. 6 Калі другі раз працягла затрубіш, выйдзе [ў дарогу] табар, які з паўднёвага боку. Знакам на вырушаньне табару будзе працяглае трубеньне. 7 На зьбіраньне царквы затрубіце, але не працягла. 8 Трубіць у трубы будуць сыны Аарона, сьвятары. Будзе гэта вам і нашчадкам вашым пастанова вечная. 9 Калі будзеш ісьці на вайну ў зямлі вашай супраць ворага, які наступае на вас, будзеце трубіць у трубы. Гэта будзе кліч ваш перад абліччам ГОСПАДА, Бога вашага, і Ён збавіць вас ад ворагаў вашых. 10 У дзень радасьці вашай, у сьвяты і ў маладзікі, пры вашых цэласпаленьнях і ахвярах мірных, будзеце трубіць у трубы; і яны будуць нагадваньнем перад абліччам Бога вашага пра вас. Я — ГОСПАД, Бог ваш!» 11 І сталася ў другі год, у другі месяц, у дваццаты [дзень] месяца, паднялося воблака з-над Сялібы Сьведчаньня. 12 І вырушылі сыны Ізраіля ў дарогу сваю з пустыні Сынай, і спынілася воблака ў пустыні Паран. 13 Першы раз паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА, [дадзенага] праз Майсея, вырушылі ў дарогу. 14 Першым вырушыў сьцяг табару сыноў Юды з дружынамі сваімі, а над дружынамі ягонымі [быў] Нахшон, сын Амінадава. 15 А над дружынамі пакаленьня сыноў Ісахара [быў] Натанаэль, сын Цуара. 16 А над дружынамі пакаленьня сыноў Завулёна [быў] Эліяў, сын Хэлёна. 17 І разабралі Сялібу, і вырушылі сыны Гершона і сыны Мэрары, несучы Сялібу. 18 І выйшаў [у дарогу] сьцяг табару сыноў Рубэна з дружынамі сваімі, а над дружынамі ягонымі [быў] Эліцур, сын Шэдэура. 19 А над дружынамі пакаленьня сыноў Сымона [быў] Шэлюміэль, сын Цурышадая. 20 Над дружынамі пакаленьня сыноў Гада [быў] Эліясаф, сын Дэўэля. 21 І выйшлі [ў дарогу] сыны Кегата, несучы [рэчы] сьвятыя, і пакуль яны прыйшлі, Сяліба была ўжо пастаўлена. 22 І выйшаў [у дарогу] сьцяг табару сыноў Эфраіма з дружынамі сваімі, а над дружынамі ягонымі [быў] Элішама, сын Амігуда. 23 А над дружынай пакаленьня сыноў Манасы [быў] Гамаліэль, сын Пэдагсура. 24 А над дружынамі пакаленьня сыноў Бэн’яміна [быў] Абідан, сын Гідэоні. 25 І выйшаў [у дарогу] сьцяг табару сыноў Дана з дружынамі сваімі, а над дружынамі ягонымі [быў] Ахіезэр, сын Амішадая. 26 А над дружынамі пакаленьня сыноў Асэра [быў] Пагіэль, сын Акрана. 27 А над дружынамі сыноў Нэфталі [быў] Ахіра, сын Энана. 28 Вось такі быў [парадак] паходу сыноў Ізраіля з дружынамі сваімі, калі выходзілі [ў дарогу]. 29 І сказаў Майсей Хававу, сыну Рэгуэля, Мадыянца, цесьця свайго: «Мы выходзім у месца, пра якое сказаў ГОСПАД: "Я дам [яго] вам". Хадзі з намі, і будзе табе добра, бо ГОСПАД абяцаў дабро Ізраілю». 30 Той сказаў яму: «Не пайду, але пайду ў зямлю маю і да сваякоў маіх». 31 І сказаў [Майсей]: «Не пакідай нас, бо ты ведаеш, як мы маем раскладацца табарам у пустыні, і будзеш для нас вачыма. 32 Калі пойдзеш з намі, тады калі будзе нешта добрае, што дасьць нам ГОСПАД, мы дамо табе». 33 І вырушылі яны з гары ГОСПАДА, і ішлі на працягу трох дзён. Каўчэг Запавету ГОСПАДА ішоў наперадзе іх на працягу трох дзён, каб знайсьці месца на табар. 34 І воблака ГОСПАДА [было] над імі ўдзень, калі яны выходзілі з табару. 35 І было, калі вырушаў Каўчэг [у дарогу], Майсей казаў: «Паўстань, ГОСПАДЗЕ, і няхай разьбягуцца ворагі Твае, і няхай паўцякаюць тыя, што ненавідзяць Цябе, перад абліччам Тваім». 36 А калі ставілі [Каўчэг], казаў: «Вярніся, ГОСПАДЗЕ, да шматлікага войска Ізраіля!» |