ЛІКІ 11 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Лікі 11 1 І сталася, што народ наракаў, і кепска [гэта было] ў вушах ГОСПАДА. І пачуў гэта ГОСПАД, і разгневаўся, і ўзгарэўся на іх агонь ГОСПАДА, і зьнішчыў крайнюю частку табара. 2 І народ стаў клікаць Майсея, і Майсей маліў ГОСПАДА, і агонь спыніўся. 3 І назвалі тое месца Табэра, бо [там] узгарэўся супраць іх агонь ГОСПАДА. 4 Іншапляменьнікі, якія [былі] паміж імі, зажадалі пажаданьнем і [захацелі] вярнуцца, і разам з імі сыны Ізраіля плакалі і казалі: «Хто дасьць нам есьці мяса? 5 Мы памятаем, як у Эгіпце мы елі дарма рыбу, і агуркі, дыні, салат, цыбулю і часнык. 6 А цяпер душа нашая ссохла, нічога іншага ня бачаць вочы нашыя, апрача манны». 7 А манна была падобная да насеньня каляндры і мела выгляд як бдалах. 8 Людзі выходзілі і зьбіралі яе, і малолі ў жорнах або таўклі ў ступе і варылі ў гаршчках, і рабілі з яе аладкі; і смак іх быў падобны да аладак з алеем. 9 Калі ноччу раса ападала на табар, [адначасова] ападала і манна. 10 І пачуў Майсей, як народ плача сем’ямі сваімі, кожны каля ўваходу ў намёт свой. І вельмі ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА, і гэта кепскім [было] ў вачах Майсея. 11 І сказаў Майсей ГОСПАДУ: «Чаму Ты мучыш слугу Твайго? Чаму не магу я знайсьці ласкі ў вачах Тваіх? Чаму Ты ўсклаў на мяне цяжар усяго народу гэтага? 12 Ці ж з мяне пачаўся ўвесь народ гэты, або я нарадзіў яго, што Ты кажаш мне: “Насі яго на ўлоньні тваім, як носіць карміцелька дзіцятка, і [занясі] ў зямлю, якую запрысяг бацькам іхнім”? 13 Адкуль у мяне мяса, каб даць усяму народу гэтаму? З плачам [наракаюць] на мяне, кажучы: “Дай нам мяса, каб мы наеліся!” 14 Не магу я сам насіць увесь народ гэты, бо ён зацяжкі для мяне. 15 Калі Ты такім чынам робіш са мною, прашу, забі мяне, калі я знайшоў ласку ў вачах Тваіх, каб ня бачыў я няшчасьця майго!» 16 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Скліч Мне семдзясят чалавек спасярод старшыняў Ізраіля, пра якіх ты ведаеш, што яны паважаныя ў народзе і наглядаюць за ім, і прывядзі іх у Намёт Спатканьня, і няхай там яны стануць разам з табою. 17 А Я зыйду і буду гаварыць з табою, і вазьму з духа, які на табе, і дам ім, каб яны разам з табою насілі цяжар народу, а ня толькі ты насіў [цяжар гэты]. 18 А народу скажы: “Ачысьціцеся назаўтра і будзеце есьці мяса, бо вы плакалі на вачах ГОСПАДА, кажучы: ‘Хто дасьць нам есьці мяса? Добра было нам у Эгіпце’. І дасьць вам ГОСПАД мяса, і будзеце есьці, 19 і не адзін дзень будзеце есьці, і ня два або пяць, або дзесяць, або дваццаць, 20 але ўвесь месяц, аж пакуль вам ня выйдзе [мяса] праз ноздры вашыя і не абрыдзіць вам, бо вы адвярнуліся ад ГОСПАДА, Які сярод вас, і наракалі перад абліччам Ягоным, кажучы: ‘Навошта выйшлі мы з Эгіпту?’”» 21 І сказаў Майсей: «Шэсьцьсот тысячаў пешых у народзе гэтым, пасярод якога я [жыву], а Ты кажаш: “Я дам ім мяса, і будуць есьці цэлы месяц”? 22 Ці ж [усе] авечкі і валы будуць забітыя для іх, каб ім хапіла? Або ці ўсе рыбы ў моры будуць сабраныя для іх, каб ім хапіла?» 23 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Ці ж рука ГОСПАДА скарацілася? Цяпер убачыш, ці слова Маё споўніцца, ці не». 24 І выйшаў Майсей, і прамовіў да народу словы ГОСПАДА, і склікаў семдзясят старшыняў народу, і паставіў іх вакол Намёту. 25 І ГОСПАД зыйшоў у воблаку, і гаварыў з ім, і ўзяў з духа, які быў на [Майсею], і даў сямідзесяці старшыням. І сталася, што дух супачыў на іх, і яны прарочылі, і перасталі. 26 А два чалавекі засталіся ў табары, імя аднаго Эльдад, а другога — Мэдад. І на іх зыйшоў дух, бо былі яны пакліканыя, але не пайшлі ў Намёт. І яны прарочылі ў табары. 27 І прыбег юнак, і паведаміў Майсею, і сказаў: «Эльдад і Мэдад прарочаць у табары». 28 І адказаў Егошуа, сын Нуна, які ад юнацтва свайго быў на паслузе ў Майсея: «Гаспадару мой, Майсей, забарані ім!» 29 Але Майсей сказаў яму: «Ці не зайздросны ты замест мяне? Каб жа ўвесь народ так прарочыў, калі дасьць ім ГОСПАД Духа Свайго!» 30 І вярнуліся ў табар Майсей і старшыні Ізраіля. 31 І зыйшоў вецер ад ГОСПАДА, і прынёс ад мора перапёлак, і кінуў іх на табар з абодвух бакоў на дзень дарогі, і пакрылі яны аблічча зямлю на два локці [вышыні]. 32 І ўстаў народ, і ўвесь той дзень і ўсю ноч, і ўвесь наступны дзень зьбіралі перапёлак; хто мала сабраў, прынёс ня менш дзесяці гомараў; і разлажылі іх навакол табару. 33 Яшчэ мяса было ў зубах іхніх і не было яшчэ зьедзена, калі ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА супраць народу і ўдарыў ГОСПАД народ плягаю вельмі вялікай. 34 І назвалі імя таго месца Кіброт-Гатава, бо там пахавалі прагавіты народ. 35 З Кіброт-Гатавы выйшаў народ у Хацэрот і былі там. |