ЕЗЭКІІЛЯ 20:34 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) І выведу вас спаміж народаў, і збяру вас з земляў, у якіх вы былі параскіданы; моцнай рукой і ўзнятым плячом, і са страшным абурэннем. Біблія (пераклад А.Бокуна) І Я выведу вас спаміж народаў, і зьбяру вас з земляў, у якія выгнаў вас, рукою моцнай і рамяном узьнятым, і з гневам страшным. Біблія (пераклад В. Сёмухі) І выведу вас з народаў і з краінаў, па якіх вы расьсеяны, і зьбяру вас рукою моцнаю і мышцаю прасьцертаю і выліваньнем лютасьці. |
Егіпцянін — чалавек, а не Бог: іх ногі — гэта цела, а не дух! І калі Госпад працягне руку, упадзе ўспаможца, і падзе той, каму даюць успамогу, і прападуць усе яны разам.
Вось, Я прывяду іх з зямлі паўночнай і збяру іх з канцоў зямлі, між імі будуць сляпы і кульгавы, жанчына цяжарная і парадзіха разам: вялікая грамада тых, што вяртаюцца сюды.
“Вось, Я збяру іх з усіх земляў, у якія Я выгнаў іх у час лютавання Свайго, і гневу свайго, і вялікага абурэння, і вярну іх на гэтае месца, і дазволю ім жыць спакойна.
Гэта, вось, кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Як ўзгарэўся Мой гнеў і абурэнне Маё на жыхароў Ерузаліма, так узгарыцца Маё абурэнне на вас, калі вы пойдзеце ў Егіпет. І станецеся вы праклёнам, страхоццем, знявагаю і здзекам, і месца гэтага болей не пабачыце».
І пралілося абурэнне Маё і гнеў Мой, і разгарэліся ў гарадах Юды ды на вуліцах Ерузаліма, і абярнуліся яны руінамі і пусткаю, як і па гэты дзень”.
Напяў лук Свой, як непрыяцель, умацаваў руку Сваю, як вораг, і забіў усё, што прыгожым было на віду ў палатцы дачкі Сіёна; выліў, быццам агонь, гнеў Свой.
Дзеля таго гавары: «Гэта кажа Госпад Бог: “Я збяру вас з народаў, і пазбіраю з тых земляў, у якія вы былі выгнаны, ды дам вам зямлю Ізраэля.
І аддзялю ад вас парушальнікаў і бязбожнікаў, і выведу іх з зямлі, дзе пражываюць, і ў зямлю Ізраэля не ўвойдуць яны, і даведаецеся вы, што Я — Госпад”.
Што было згублена — знайду, і што было выгнана — прывяду, і што было скалечана — перавяжу, і што было хворае — вылечу, і тлустае і моцнае знішчу. Буду пасвіць іх справядліва”.
І Я выцягну руку Маю супраць іх, і перамяню край гэты ў зямлю пустынную і дзікую, пачаўшы ад пустыні аж да Рэблы — усюды, дзе пражываюць, — і даведаюцца, што Я — Госпад”».