І яны адмовіліся слухаць [Цябе], і ня памяталі цудаў Тваіх, якія Ты ўчыніў з імі, і зрабілі цьвёрдымі каркі свае, і ў непаслухмянасьці сваёй паставілі галаву [сабе], каб вярнуцца ў няволю сваю. Але Ты — Бог, Які прабачаеш, спагадлівы і літасьцівы, павольны да гневу і багаты на міласэрнасьць, і Ты не пакінуў іх.
Не такі запавет, які Я заключыў з бацькамі іхнімі ў дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесьці іх з зямлі Эгіпецкай. Той запавет Мой яны парушылі, хоць Я быў Гаспадаром іхнім, кажа ГОСПАД.
Але збунтаваліся тыя сыны; і не хадзілі паводле пастановаў Маіх, і не захоўвалі суд Мой, каб спаўняць яго, каб, спаўняючы іх, жыў чалавек дзякуючы ім, і паганілі суботы Мае. І Я сказаў, што выльлю абурэньне Маё на іх і заспакою гнеў Мой на іх у пустыні.
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Вось, ты засьнеш з бацькамі тваімі, а народ гэты паўстане, і будзе чужаложыць з багамі чужымі зямлі гэтай, у якую ўвойдзе; і пакіне ён Мяне, і парушыць запавет Мой, які Я заключыў з ім.
Бо Я ўвяду яго ў зямлю, якую запрысяг Я бацькам ягоным, якая ацякае малаком і мёдам. І будзе ён есьці, і насыціцца, і ў сытасьці павернецца да багоў чужых, і будзе служыць ім, а Мною пагардзіць і разарве запавет Мой.