1 Дзеля гэтай справы я, Паўла, – вязень Хрыстоў дзеля вас, паганаў. 2 Хіба чулі вы аб распарадкаванні ласкі Божай, што дадзена мне адносна вас, 3 што праз аб’яўленне абвешчана мне таямніца, аб чым коратка я ўжо вышэй напісаў. 4 Чытаючы тое, можаце зразумець маё разуменне таямніцы Хрыста. 5 Не была яна абвешчана сынам чалавечым у іншых пакаленнях, як цяпер аб’яўлена святым Апосталам Яго і прарокам у Духу, 6 што пагане маюць быць спадкаемцамі, і членамі аднаго цела, і ўдзельнікамі абяцанняў Яго ў Хрысце Ісусе праз Евангелле, 7 паслугачом якога я стаўся паводле дару ласкі Божай, дадзенай мне паводле дзеяння магутнасці Яго. 8 Мне, найменшаму з усіх святых, дадзена гэтая ласка: абвяшчаць добрую вестку паганам аб неабсяжным багацці Хрыста 9 і выясніць усім, як павінна здзейсніцца домаўладкаванне таямніцы, скрытай ад вякоў у Богу, Які ўсё стварыў праз Ісуса Хрыста, 10 каб цяпер сталася вядомай начальствам і ўладам нябесным праз Царкву разнастайная мудрасць Бога 11 паводле адвечнай пастановы, што ўчыніў у Хрысце Ісусе, Госпадзе нашым, 12 у Якім маем адвагу і доступ у надзеі праз веру ў Яго. 13 Таму вось прашу вас, не падайце духам з-за турбот маіх пра вас, якія ёсць слава ваша. 14 Дзеля гэтай справы схіляю калені мае перад Айцом Госпада нашага Ісуса Хрыста, 15 ад Якога называецца ўсякае айцоўства на небе і на зямлі, 16 каб даў вам паводле багацця славы Сваёй умацавацца сілай праз Духа Яго ва ўнутраным чалавеку, 17 каб Хрыстос абжыўся праз веру ў сэрцах вашых і каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові, 18 разам з усімі святымі маглі зразумець, якая ёсць шырыня і даўжыня, вышыня і глыбіня, 19 а таксама пазнаць любоў Хрыста, найвышэйшае веданне, каб напоўніліся вы ўсёю поўняй Бога. 20 А Таму, Які можа многа больш зрабіць, чым усё, што мы просім або разумеем, магутнасцю, якая дзейнічае ў нас, 21 Яму хвала ў Царкве і ў Хрысце Ісусе праз усе пакаленні на векі вечныя. Амін. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)