ЭФЭСЯНАЎ 2 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І вы былі памерлымі праз правіны і грахі, 2 у якіх калісьці хадзілі паводле гэтага веку, па волі князя ўлады паветранай, духа, які дзейнічае цяпер у сынах бунту. 3 Між імі і мы калісьці жылі ўсе ў пажадлівасцях цела нашага, выконваючы волю цела і думак, і былі мы па прыродзе дзецьмі гневу, як і іншыя. 4 Але Бог, багаты міласэрнасцю, праз бязмежную любоў Сваю, якою ўзлюбіў нас 5 і, хоць былі мы мёртвымі праз грахі, ажывіў нас з Хрыстом, – ласкаю вы збаўлены, – 6 і ўваскрасіў разам, і пасадзіў разам у нябёсах у Хрысце Ісусе, 7 каб у наступных вяках выявіць нам незвычайныя багацці ласкі Сваёй у ласкавасці да нас у Хрысце Ісусе. 8 Бо ласкаю вы збаўлены праз веру, і гэта не ад вас, але Божы дар; 9 не праз учынкі, каб ніхто не хваліўся. 10 Бо мы – Яго стварэнне, створаныя ў Хрысце Ісусе для добрых спраў, якія Бог загадзя прыгатаваў, каб мы ў іх жылі. 11 Дзеля таго памятайце, што вы, калісьці пагане целам, якіх завуць неабрэзанымі тыя, што называюцца абрэзанымі абразаннем на целе рукатворным, 12 у той час былі без Хрыста, адчужаныя ад супольнасці з Ізраэлем і аддаленыя ад абяцанняў запаветаў, не маючы надзеі і без Бога ў свеце. 13 Цяпер жа ў Хрысце Ісусе вы, што калісьці былі далёка, сталіся блізкімі праз Кроў Хрыстову. 14 Бо Ён – супакой наш, Які злучыў абодвух у адно і зруйнаваў сцяну між імі і варожасць, целам Сваім, 15 скасаваў закон прыказанняў вучэннем, каб стварыць у Сабе з двух аднаго новага чалавека, творачы супакой, 16 і прымірыць з Богам абодвух у адным целе праз крыж, знішчаючы варожасць на ім. 17 І, прыйшоўшы, абвясціў супакой вам, якія былі далёка, ды тым, што былі блізка. 18 Бо праз Яго адны і другія маем доступ да Айца ў адным Духу. 19 Дык таму вы ўжо не чужынцы і прыхадні, але суграмадзяне святых і члены сям’і Божай, 20 угрунтаваныя на падмурку Апосталаў і прарокаў, дзе вуглавым каменем ёсць Сам Хрыстос Ісус, 21 на Якім уся пабудова зладжана расце ў святую святыню ў Госпадзе, 22 на Якім і вы разам будуецеся на жытло Божае Духам. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)