Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ПСАЛТЫР 116 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ПСАЛТЫР 116

1 Алілуя. Палюбіў я, бо выслухаў Госпад голас малення майго.

2 Бо нахіліў вуха Сваё да мяне, калі прызываў я ў дні мае.

3 Ахуталі мяне путы смерці і пакуты пякельныя нахлынулі на мяне. Натрапіў я на бяду і пакуту.

4 І стаў я прызываць імя Госпада: «О Божа, вызвалі душу маю».

5 Міласэрны Бог і справядлівы, і Бог наш літасцівы.

6 Сцеражэ Госпад малых; быў я прыніжаны, а Ён даў мне збаўленне.

7 Вярніся, душа мая, да спачынку твайго, бо Госпад дабро ўчыніў табе;

8 бо вырваў Ён душу маю ад смерці, вочы мае — ад слёз, ногі мае — ад падзення.

9 Буду хадзіць перад Госпадам у краіне жывых.

10 Паверыў я, і таму прамовіў: «Прыніжаны я вельмі».

11 Я ў страху сваім сказаў: «Кожны чалавек ашуканец».

12 Чым жа я аддам Госпаду за ўсё, што Ён аддаў мне?

13 Вазьму келіх збаўлення і прызаву імя Госпада.

14 Аддам абяцанні мае Госпаду перад усім народам Яго.

15 Дарагая ў вачах Госпада смерць Яго святых.

16 Госпадзе, я слуга Твой, і сын служанкі Тваёй. Ты разарваў путы мае.

17 Злажу я Табе пахвальную ахвяру і прызаву імя Госпада.

18 Аддам абяцанні мае Госпаду перад усім народам Яго

19 на панадворку дому Госпада, пасярод цябе, Ерузалім.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)