1 Не нам, Госпадзе, не нам, але імю Свайму дай хвалу за Тваю міласэрнасць і за Тваю праўду. 2 Чаму мелі б казаць паганы: «Дзе ж Бог іх?» 3 Бог наш на небе, усё, што захацеў, зрабіў. 4 Ідалы іх срэбра і золата, стварэнне людскіх рук. 5 Вусны маюць, ды не гавораць, вочы маюць, ды не бачаць. 6 Вушы маюць, ды не чуюць, ноздры маюць, ды не адчуваюць паху. 7 Рукі маюць, ды не ўспрымаюць на дотык, ногі маюць, ды не ходзяць; горлам сваім не пададуць голасу. 8 Будуць падобныя да іх тыя, што майструюць іх [балванаў], і ўсе, што вераць у іх. 9 Дом Ізраэля мае надзею ў Госпадзе: Ён іх успамога і абарона. 10 Дом Аарона мае надзею ў Госпадзе: Ён іх успамога і абарона. 11 Тыя, што шануюць Госпада, ускладаюць надзею на Госпада: Ён іх успамога і абарона. 12 Госпад памятаў пра нас і будзе дабраслаўляць нас: будзе дабраслаўляць Ён дом Ізраэля, будзе дабраслаўляць Ён дом Аарона, 13 будзе дабраслаўляць Ён усіх, хто шануюць Госпада, — як малых, так і вялікіх. 14 Хай Госпад памнажае вас, вас і сыноў вашых. 15 Дабраславёныя вы Богам, Які стварыў неба і зямлю. 16 Нябёсы, нябёсы — у Бога, зямлю ж даў для сыноў чалавечых. 17 Не мёртвыя хваліць будуць Цябе, Госпадзе, ані ўсе тыя, што сыходзяць у маўчанне, 18 а мы, жывыя, дабраслаўляем Госпада з гэтага [часу], цяпер і вечна. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)