ПСАЛТЫР 116 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Алілуя. Палюбіў я, бо выслухаў Госпад голас малення майго. 2 Бо нахіліў вуха Сваё да мяне, калі прызываў я ў дні мае. 3 Ахуталі мяне путы смерці і пакуты пякельныя нахлынулі на мяне. Натрапіў я на бяду і пакуту. 4 І стаў я прызываць імя Госпада: «О Божа, вызвалі душу маю». 5 Міласэрны Бог і справядлівы, і Бог наш літасцівы. 6 Сцеражэ Госпад малых; быў я прыніжаны, а Ён даў мне збаўленне. 7 Вярніся, душа мая, да спачынку твайго, бо Госпад дабро ўчыніў табе; 8 бо вырваў Ён душу маю ад смерці, вочы мае — ад слёз, ногі мае — ад падзення. 9 Буду хадзіць перад Госпадам у краіне жывых. 10 Паверыў я, і таму прамовіў: «Прыніжаны я вельмі». 11 Я ў страху сваім сказаў: «Кожны чалавек ашуканец». 12 Чым жа я аддам Госпаду за ўсё, што Ён аддаў мне? 13 Вазьму келіх збаўлення і прызаву імя Госпада. 14 Аддам абяцанні мае Госпаду перад усім народам Яго. 15 Дарагая ў вачах Госпада смерць Яго святых. 16 Госпадзе, я слуга Твой, і сын служанкі Тваёй. Ты разарваў путы мае. 17 Злажу я Табе пахвальную ахвяру і прызаву імя Госпада. 18 Аддам абяцанні мае Госпаду перад усім народам Яго 19 на панадворку дому Госпада, пасярод цябе, Ерузалім. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)