1 Зважайце, каб вы вашай добрай справы не ўчынялі перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш узнагароды не будзеце мець у Айца вашага, Які ёсць у небе. 2 І, калі ты ўчыняеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб іх людзі ўслаўлялі. Сапраўды кажу вам: яны атрымалі сваю ўзнагароду. 3 Але, калі даеш міласціну, хай твая левая рука не ведае, што робіць твая правая рука, 4 каб міласціна твая была ў скрытасці, і Айцец твой, Які бачыць скрытае, узнагародзіць цябе яўна. 5 І, калі вы моліцеся, не будзьце, як крывадушнікі, якія любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на скрыжаваннях вуліц, каб іх людзі бачылі. Сапраўды кажу вам: яны ўжо атрымалі сваю ўзнагароду. 6 А ты, калі будзеш маліцца, увайдзі ў свой пакой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца свайго ў скрытасці. А Айцец твой, Які бачыць скрытае, узнагародзіць цябе яўна. 7 А молячыся, не гавары многа, як пагане, бо яны лічаць, што ў шматслоўі сваім будуць пачуты. 8 Дык не будзьце падобнымі да іх; бо Айцец ваш ведае, у чым ваша патрэба, раней, чым вы Яго папросіце. 9 А вось так вы маліцеся: Ойча наш, Які ёсць у небе, свяціся імя Тваё, 10 прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая, як на небе, так і на зямлі. 11 Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння; 12 і даруй нам правіны нашы, як і мы даруем вінаватым нашым; 13 і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Бо Тваё ёсць Валадарства, і сіла, і слава ў векі векаў. Амін. 14 Бо калі вы даруеце людзям грахі іх, дык і ваш Айцец, Які ў небе, даруе вам. 15 Але калі вы не даруеце людзям грахі іх, то і Айцец ваш не даруе грахоў вашых. 16 Калі посціце, не будзьце сумныя, быццам крывадушнікі; бо яны твары свае выкрыўляюць, каб паказацца людзям, што посцяць. Сапраўды кажу вам: яны ўжо атрымалі сваю ўзнагароду. 17 А ты, калі посціш, памаж галаву сваю ды абмый твар свой, 18 каб паказацца поснікам не людзям, а Айцу твайму, Які ў скрытасці; і Айцец твой, Які бачыць у скрытасці, аддасць табе яўна. 19 Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе ржа ды моль нішчаць і дзе злодзеі падкопваюць і крадуць. 20 Але збірайце сабе скарбы на небе, дзе ані ржа, ані моль не нішчаць і дзе злодзеі не падкопваюць і не крадуць. 21 Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё. 22 Свяцільня цела твайго – вока тваё. Калі вока тваё будзе чыстым, дык і ўсё цела тваё будзе светлым. 23 А калі ж вока тваё нягодным будзе, усё цела тваё цёмным будзе. Калі ж святло, што ў табе, – цемра, дык наколькі ж вялікай сама цемра будзе? 24 Ніхто не можа двум гаспадарам служыць, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаму будзе адданы, а другім пагардзіць. Не можаце Богу служыць і мамоне. 25 Вось чаму кажу вам: не турбуйцеся пра жыццё ваша, што будзеце есці і што піць, ані пра цела ваша, у што апранацца будзеце. Ці ж жыццё не важнейшае за ежу, а цела – за адзенне? 26 Паглядзіце на птушак нябесных, якія ані сеюць, ані жнуць, ані збіраюць у свірны, а Айцец ваш, Які ёсць у небе, корміць іх. Ці ж вы не шмат важнейшыя за іх? 27 Ды хто ж з вас, клапоцячыся, можа дабавіць да росту свайго адзін локаць? 28 А пра адзенне нашто турбуецеся? Прыгледзьцеся да палявых лілей, як яны растуць: ані працуюць, ані прадуць. 29 А Я кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не быў так прыбраны, як адна з іх. 30 Калі ж гэтую палявую траву, што сёння ёсць, а заўтра будзе ў печ укінута, Бог так апранае, дык непараўнальна вас, малаверы. 31 І не турбуйцеся таму, кажучы: “Што будзем есці?”, або “Што будзем піць?”, або “У што будзем апранацца?” 32 Бо гэтага ўсяго пагане шукаюць, але Айцец ваш, Які ёсць у небе, ведае, што вы ва ўсім гэтым маеце патрэбу. 33 Дык шукайце ж перш Валадарства Божага і Яго справядлівасці, а ўсё іншае дадасца вам. 34 І не турбуйцеся пра заўтрашні дзень, бо дзень заўтрашні сам пра сябе патурбуецца. Дастаткова кожнаму дню свайго ліха. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)