1 Прароцтва. Слова Госпада Ізраэлю праз Малахію. 2 «Я палюбіў вас, — кажа Госпад, — і вы пытаеце: “У чым выявіў Ты любоў Сваю да нас?” Ці ж Эзаў не быў братам Якуба? — кажа Госпад, — і Я, аднак, узлюбіў Якуба, 3 а Эзава меў у нянавісці і аддаў горы яго на пустыню і спадчыну яго — шакалам пустынным. 4 Калі Эдом так скажа: “Знішчаны мы, але зноў адбудуем тое, што знішчана” — вось, што кажа Госпад Магуццяў. — “Яны будуць будаваць, і Я развалю; і будуць іх называць “Межы бязбожнасці” і “Народ, на які ўзгарэўся гнеў Госпадаў навекі”. 5 І вочы вашы будуць бачыць гэта, і вы скажаце: “Магутны Госпад і па-за межамі Ізраэля!” 6 Сын паважае бацьку свайго, і слуга — гаспадара свайго. Такім чынам, калі Я — бацька, дзе ж павага да Мяне? І калі Я — Госпад, дзе ж страх перада Мною? — кажа Госпад Магуццяў да вас, святары, якія зневажаеце імя Маё і кажаце: “Чым зневажаем мы імя Тваё?” 7 Вы прыносіце на ахвярнік Мой нячысты хлеб і пытаеце: “Чым мы зняважалі Цябе?” Тым, што кажаце: “Стол Госпадаў не варты павагі”. 8 Калі вы складаеце ў ахвяру сляпое, ці ж гэта не дрэнна? І калі прыносіце ў ахвяру тое, што кульгавае ды хворае, дык ці ж гэта не дрэнна? Прынясі гэта князю свайму, ці яму спадабаецца гэта і ці прыхільна гляне на цябе? — кажа Госпад Магуццяў. 9 Але цяпер упрошваеце аблічча Бога, каб злітаваўся над вамі! Бо гэта паходзіць з рук вашых. Ці будзе Ён міласцівы да вас? — кажа Госпад Магуццяў. 10 Хай бы хто з вас замкнуў дзверы, каб вы надарма не палілі святла на ахвярніку Маім. Вы не падабаецеся Мне, — кажа Госпад Магуццяў, — і не прыму ахвяру з рук вашых. 11 Ад усходу бо сонца аж да захаду вялікім будзе імя Маё між народамі, ды ў кожным месцы будуць пасвячаць і складаць ахвяру чыстую імю Майму, бо вялікім будзе імя Маё між народамі, — кажа Госпад Магуццяў. 12 А вы зневажаеце Яго тым, што кажаце: “Стол Госпадаў апаганены і страва, што кладзецца на яго, нічога не вартая”. 13 І кажаце вы: “О якая праца!” І зневажаеце яго, — кажа Госпад Магуццяў. — І прыносіце з рабаванага, кульгавае і хворае, ды складаеце ў ахвяру. Ці ж магу Я прыняць гэта з рукі вашай? — кажа Госпад. 14 Хай будзе пракляты ашуканец, які мае ў статку сваім самца і, абяцаючы яго, сам складае ў ахвяру Госпаду сапсаванае. Бо Я — Валадар Магутны, — кажа Госпад Магуццяў, — і імя Маё наводзіць страх на народы. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)