1 І паклікаў Ён Майсея, і прамовіў да яго Госпад з палаткі сустрэчы, кажучы: 2 «Гавары да сыноў Ізраэля ды кажы ім: “Калі хто з вас будзе складаць ахвяру Госпаду з хатняе жывёлы, хай складае з валоў або жывёл драбнейшых. 3 Калі цэласпальная ахвяра яго будзе з жывёлы, хай ахвяруе самца без заганы ды прывядзе яго да дзвярэй палаткі сустрэчы, каб Госпад прыняў яго ласкава, 4 і пакладзе руку на галаву ахвяры, і будзе яна прынята як перамаленне за яго. 5 І хай заб’е цяля перад Госпадам, а сыны Аарона, святары, хай ахвяруюць кроў яго і пакропяць кругом ахвярнік, што стаіць перад уваходам у палатку сустрэчы. 6 Калі здыме скуру, то, прыносячы ахвяру, хай пасячэ [ахвяру] на часткі. 7 Сыны ж Аарона, святары, хай прынясуць агонь на ахвярнік і, паклаўшы дровы на агонь, 8 сыны Аарона, святары, хай пакладуць часткі, безумоўна, галаву і тлушч на дровах, што ляжаць на агні на ахвярніку. 9 А прыносячы ў ахвяру нутро і ногі, хай абмые [іх] вадой і хай запаліць гэта святар на ахвярніку як цэласпаленне, як ахвяру агнявую з найпрыемнейшым пахам для Госпада. 10 Калі ж ахвяра яго з дробнай жывёлы, цэласпаленне з авечак або коз, хай прынясе ў ахвяру самца без заганы; 11 і заб’е яго перад Госпадам на паўночным баку ахвярніка, а сыны Аарона, святары, пакропяць крывёй яго насупраць ахвярніка. 12 І, прыносячы ахвяру, хай аддзеліць часткі, галаву і тлушч, ды хай пакладзе гэта святар на дровы, што ляжаць пад агнём на ахвярніку. 13 А прыносячы ў ахвяру нутро і ногі, хай вымые [іх] вадой; і, паклаўшы ўсё, хай спаліць святар на ахвярніку: гэта цэласпаленне на найпрыемнейшы пах Госпаду. 14 А калі хто захоча скласці ў ахвяру Госпаду птушку на цэласпаленне, хай складзе ахвяру сваю з туркавак або з маладых галубоў, 15 і святар прынясе яго на ахвярнік; скруціўшы яму шыю, спаліць на ахвярніку, а кроў яго выціснецца на сцяну ахвярніка; 16 і возьме валяк з пер’ем, і выкіне каля ахвярніка на ўсходнім баку, дзе звычайна высыпаюць попел; 17 надломіць яго паміж крылаў, не аддзяляючы іх, ды спаліць яго святар на ахвярніку, на дровах, што ляжаць на агні; гэта цэласпаленне і ахвяра агнявая на найпрыемнейшы пах Госпаду. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)