Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЛІКІ 33 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ЛІКІ 33

1 Гэта месцы прыпынку сыноў Ізраэля, якія выйшлі з Егіпта дружынамі на чале з Майсеем і Ааронам

2 і якіх Майсей запісаў па месцы лагераў, з якіх яны па загадзе Госпада выходзілі. Вось гэтыя месцы.

3 Вось, у першы месяц, пятнаццатага дня першага месяца вырушылі сыны Ізраэля з Рамэсаса, у другі дзень Пасхі, ведзеныя рукой Узвышняга на вачах усіх егіпцян,

4 калі яны хавалі ўсіх сваіх першародных, забітых Госпадам, калі Ён учыніў суд над іх багамі,

5 і расклаліся лагерам у Сукоце.

6 А з Сукота прыбылі яны ў Этам, што на самай мяжы пустыні.

7 Адтуль вырушыўшы, прыбылі ў Пігахірот, што каля Баал-Сэфона, ды расклаліся лагерам перад Магдолам.

8 Выйшаўшы з Пігахірота, перайшлі яны сярэдзінай мора ў пустыню і тры дні ішлі пустыняй, і расклаліся лагерам у Мары.

9 А выйшаўшы з Мары, прыбылі ў Элім, дзе было дванаццаць крыніц водных і семдзесят пальмаў; і там расклаліся лагерам.

10 Выйшаўшы з Эліма, расклаліся лагерам каля Чырвонага мора.

11 А выйшаўшы ад Чырвонага мора, яны расклаліся лагерам у пустыні Сін;

12 а адтуль выйшаўшы, яны прыбылі ў Дафку.

13 А выйшаўшы з Дафкі, яны разлажыліся лагерам у Алусе.

14 А выйшаўшы з Алуса, паставілі палаткі ў Рэфідыме, дзе не было вады для піцця;

15 а выйшаўшы з Рэфідыма, яны расклаліся лагерам у пустыні Сінай.

16 Але яны вырушылі і з пустыні Сінай і прыбылі ў Кіброт-Гатаву;

17 а вырушыўшы з Кіброт-Гатавы, яны расклаліся лагерам у Асэроце.

18 А з Асэрота прыбылі ў Рэтму;

19 а выйшаўшы з Рэтмы, яны сталі лагерам у Рэмон-Парэсе.

20 Выйшаўшы адтуль, яны прыбылі ў Лебну;

21 пасля Лебны сталі лагерам у Рэсе;

22 А выйшаўшы з Рэсы, прыбылі ў Каалату,

23 адкуль выйшаўшы, паставілі палаткі на гары Сэфар.

24 Затым, выйшаўшы ад гары Сэфар, яны прыйшлі ў Араду;

25 адтуль выйшаўшы, сталі лагерам у Мацэлоце.

26 Выйшаўшы з Мацэлота, прыйшлі ў Тагат;

27 пасля Тагата сталі лагерам у Тарэ.

28 Адтуль выйшаўшы, яны паставілі палаткі ў Мэтцы,

29 а пасля Мэткі яны сталі лагерам у Хэсмоне;

30 выйшаўшы з Хэсмоны, прыбылі ў Мацэрот.

31 А пасля Мацэрота яны сталі лагерам у Бэнэ-Якане;

32 і, выйшаўшы з Бэнэ-Якана, прыбылі да гары Гадгад;

33 выйшаўшы адтуль, паставілі палаткі ў Етэбаце.

34 І з Етэбаты прыбылі ў Эброну; а

35 выйшаўшы з Эброны, расклаліся лагерам у Эцыён-Гебэры.

36 Адтуль выбраўшыся, прыбылі ў пустыню Сін, або Кадэс.

37 Выйшаўшы з Кадэса, паставілі палаткі на гары Гор, на самай мяжы зямлі Эдома.

38 Па загадзе Госпада Аарон, святар, узышоў на гару Гор і там памёр у саракавым годзе па выхадзе сыноў Ізраэля з Егіпта, у першы дзень пятага месяца,

39 маючы сто дваццаць тры гады, калі памёр на гары Гор.

40 Цар Арада, хананеец, які жыў у Нагэбе, у зямлі Ханаан, пачуў у той час, што прыбылі сыны Ізраэля.

41 І выйшаўшы з гары Гор, яны сталі лагерам у Салмоне;

42 выйшаўшы адтуль, яны прыбылі ў Пунон.

43 З Пунона выйшлі і прыбылі ў Абот.

44 З Абота прыбылі ў Еабарым, што на мяжы Мааба.

45 А выйшаўшы з Еабарыма, яны паставілі палаткі ў Дыбонгадзе;

46 выйшаўшы адтуль, сталі лагерам у Элман-Дэблатаіме.

47 А выйшаўшы з Элман-Дэблатаіма, прыбылі пад гару Абарым, насупраць Нэба.

48 А выйшаўшы з гор Абарым, прыйшлі на раўніны Мааба, над Ярданам, насупраць Ерыхона;

49 там расклаліся лагерам на мясцовасці ад Бэт-Есімота аж да Абэл-Сітыма на раўнінах Мааба.

50 Там сказаў Госпад Майсею:

51 «Загадай сынам Ізраэля і скажы ім: “Калі пяройдзеце раку Ярдан і ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, —

52 выганіце перад сабою ўсіх жыхароў той зямлі, паламайце ўсіх іх ідалаў ды разбіце ўсе статуі, і ўсе ўзгоркі спусташыце.

53 Завалодайце зямлёй і абжывайцеся на ёй, бо Я даў яе вам ва ўласнасць;

54 яе падзяліце паміж вашымі пакаленнямі: большаму пакаленню дайце большую частку, меншаму — меншую; як жэрабя выпадзе, так паміж усімі хай будзе падзелена ўласнасць; па пакаленнях і родах хай будзе яна падзелена.

55 Калі ж не захочаце выгнаць жыхароў зямлі гэтай, і калі яны застануцца, будуць яны вам як церні ў вачах вашых і як калючкі ў баках вашых, будуць яны ўціскаць вас у зямлі пражывання вашага;

56 і тады, што Я меркаваў ім зрабіць, вам зраблю”».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)