Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЛІКІ 34 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Далей казаў Госпад Майсею, гаворачы:

2 «Загадай сынам Ізраэля і скажы ім: “Калі ўвойдзеце ў зямлю гэтую Ханаан, тады абшар, які выпадзе па жэрабі вам ва ўласнасць, хай будзе ў гэтых межах.

3 Паўднёвая мяжа хай будзе ад пустыні Сін, уздоўж Эдома, і хай мяжуецца на ўсходзе з морам Салёным.

4 Хай яны звернуць на поўдзень да ўзвышша Акрабім, каб, такім чынам, пайсці праз Сін і дасягнуць на поўдні Кадэс-Барнэ, а адтуль выйсці да Асарадара і дайсці аж да Асэмона.

5 Ад Асэмона хай паверне мяжа да ручая Егіпецкага і спыніцца хай на беразе Вялікага мора.

6 Вашай мяжой заходняй хай будзе Вялікае мора, гэта будзе ваша заходняя мяжа.

7 А на поўначы хай будзе ў вас мяжа, пачынаючы ад Вялікага мора і аж да гары Гор,

8 ад якой павядзіце мяжу да ўваходу ў Эмат і далей, да межаў Сэдада.

9 Потым хай пойдзе мяжа да Зэфрона і Асарэнона. Такія хай будуць межы з поўначы.

10 Усходнюю мяжу правядзіце ад Асарэнона да Сэпама,

11 і ад Сэпама хай пойдзе мяжа ў напрамку Рэблы на ўсход ад Аіна, адтуль хай пойдзе далей і дасягне на ўсходзе боку мора Кінэрэт,

12 і працягнецца аж да Ярдана, і спыніцца, нарэшце, пры моры Салёным. Гэта хай будзе зямля вашая з межамі сваімі вакол”».

13 І, кажучы, загадаў Майсей сынам Ізраэля: «Гэта хай будзе зямля, якую маеце падзяліць па жэрабі і якую загадаў Госпад даць дзевяці пакаленням і палове пакалення.

14 Бо пакаленне сыноў Рубэна па сем’ях сваіх, і пакаленне сыноў Гада па ліку родаў, і палова пакалення Манасы атрымалі ўжо сваю ўласнасць;

15 гэтыя два і палова пакаленні ўзялі сваю ўласнасць па той бок Ярдана насупраць Ерыхона на ўсходзе».

16 І сказаў Госпад Майсею:

17 «Гэта імёны людзей, якія падзеляць вам зямлю: Элеязэр святар, і Ешуа, сын Нуна,

18 і адзін князь з кожнага пакалення, каб падзяліць зямлю ва ўласнасць,

19 імёны якіх наступныя: з пакалення Юды — Калеб, сын Ефоны;

20 з пакалення Сімяона — Самуэль, сын Аміюда;

21 з пакалення Бэньяміна — Элідад, сын Хаселона;

22 з пакалення сыноў Дана — Бокцы, сын Ёглі.

23 З сыноў Язэпа: з пакалення Манасы — Ханіэль, сын Эфода;

24 з пакалення Эфраіма — Кемуэль, сын Сэфтана.

25 З пакалення Забулона — Элісафан, сын Парнаха;

26 з пакалення Ісахара — кіраўнік Палціэль, сын Азана;

27 з пакалення Асэра — Ахіюд, сын Саломі;

28 з пакалення Нэфталі — Пэдаэль, сын Аміюда».

29 Вось тыя, каму загадаў Госпад падзяліць зямлю Ханаан між сыноў Ізраэля.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы