Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЕРАМІІ 19 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ЕРАМІІ 19

1 Гэта кажа Госпад: «Ідзі і купі ў ганчара гляк гліняны, потым вазьмі з сабою некалькі старэйшын народа ды старэйшых святароў.

2 І выйдзі ў лагчыну Бэн-Гэном, якая пры ўваходзе ў браму Харсіт, і там будзеш абвяшчаць словы, якія Я табе скажу.

3 І скажаш: “Слухайце слова Госпада, цары Юды і жыхары Ерузаліма! Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Вось, Я навяду няшчасце на гэтае месца, так што кожнаму, хто гэта пачуе, зашуміць у вушах.

4 Бо яны пакінулі Мяне і чужым зрабілі гэтае месца, ды палілі на ім кадзіла чужым багам, якіх не ведалі ані яны, ані бацькі іх, ані цары Юды, і напоўнілі гэтае месца крывёю нявінных.

5 І пабудавалі вышыні Баалу, каб паліць там сваіх сыноў у агні на цэласпаленне Баалу, чаго Я не загадваў і не даручаў і што не прыйшло Мне нават на думку.

6 Таму прыйдуць дні, — кажа Госпад, — што гэтае месца не будзе больш называца Тафэт, ці лагчынай Бэн-Гэном, але далінай Забойства.

7 І Я разганю раду Юды і Ерузаліма на гэтым месцы, і аддам іх пад меч на віду ворагаў іх, ад рукі тых, што цікуюць на іх душы. Целы іх Я дам на ежу птушкам паднебным і звярам зямным.

8 Ды зраблю з гэтага горада прычыну аслупянення і насмешак. Кожны, хто будзе міма яго праходзіць, аслупянее і засвішча дзеля ўсіх яго бед.

9 І Я буду карміць іх целамі сыноў іх і дачок іх; і не адзін з іх будзе спажываць цела прыяцеля свайго з прычыны аблогі і прыгнёту, якім ціснуць іх будуць ворагі іх, якія цікуюць на іх душы”».

10 І ты разбі гляк перад мужчынамі, якія пойдуць з табой,

11 і скажы ім: «Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Я гэтак разаб’ю народ гэты і горад гэты, як таўчэцца посуд ганчара, які не можа быць больш адноўлены. І будуць яны пахаваны ў Тафэце, бо не будзе іншага месца на пахаванне.

12 Я зраблю гэтаму месцу, — кажа Госпад, — і жыхарам яго так, што зраблю гэты горад такім, як Тафэт;

13 і стануцца нячыстымі дамы Ерузаліма і дамы цароў Юды, падобна як месца Тафэт; усе дамы, на дахах якіх палілі кадзіла ўсім сілам нябесным ды складалі ахвяры вадкія чужым багам”».

14 Прыйшоў, вось, Ярэмія з Тафэта, куды яго паслаў Госпад праракаваць, ды стаў на панадворку дома Госпада, і сказаў усяму народу:

15 «Вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Вось, Я навяду на гэты народ і на ўсе яго паселішчы ўсякія беды, якія на іх прадказаў, бо зрабілі яны карак свой цвёрдым ды не слухаюць слоў Маіх”».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)