Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЕРАМІІ 12 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ЕРАМІІ 12

1 Сапраўды, справядлівы Ты, Госпадзе, калі б я спрачаўся з Табою; аднак жа, пра законнасць буду гаварыць я з Табою. Чаму шлях бязбожнікаў паспяховы? Добра ўсім крывадушнікам і злачынцам.

2 Ты насадзіў іх, і яны запусцілі карані, узрастаюць і даюць плады; блізка Ты да вуснаў іх, а далёка ад іх нырак.

3 Ты ж, Госпадзе, ведаеш мяне, бачыш мяне і даследуеш сэрца маё, што яно з Табою. Аддзялі іх, як авечак на зарэз, і складзі іх у ахвяру на дзень знішчэння.

4 Дакуль жа будзе смуткаваць зямля і трава ў кожнай мясцовасці будзе высыхаць дзеля злачыннасці жыхароў яе? Пагінулі звяры і птушкі, бо [тыя] казалі: «Бог не ўбачыць, што з намі будзе».

5 Калі, бегучы з пешымі, ты заморваешся, то як жа зможаш спаборнічаць з конямі? І калі ў краіне супакою ты пачуваў сябе бяспечна, дык што будзеш рабіць у гушчары Ярдана?

6 Бо і браты твае, і дом бацькі твайго, нават яны чыняць подступы супраць цябе і крычаць за табою на поўны голас; не вер ім, калі будуць гаварыць табе добрае.

7 «Я пакінуў дом Свой, пакінуў спадчыну Сваю, тое, што любіла душа Мая, аддаў у рукі непрыяцеляў яе.

8 Мая спадчына сталася для Мяне, як леў у лесе; яна падняла супраць Мяне голас свой, таму Я зненавідзеў яе.

9 Ці ж спадчына Мая сталася для Мяне стракатай птушкаю? Ці ж навокал яе птушкі драпежныя? Прыходзьце, збярыцеся, усе звяры палявыя, паспяшайце на жыраванне.

10 Многія пастухі разбурылі вінаграднік Мой, стапталі ўласнасць Маю і зрабілі надзел Мой улюбёны стэпам пустынным.

11 Яны прызначылі яго на спусташэнне, смуткуе перад абліччам Маім апусцелы; спустошана ўся зямля, бо няма нікога, каму б дзеля гэтага балела сэрца».

12 На ўсе ўзгоркі пустыні папрыходзілі нішчыцелі, бо меч Госпадаў паглынае ад краю зямлі да краю яе, і няма супакою ніводнаму жывому.

13 Пасеялі пшаніцу, а зжалі церні, працавалі, ды ім гэта не прыдасца; вы асароміцеся дзеля пладоў сваіх з прычыны бушавання гневу Госпада!

14 Вось што кажа Госпад супраць усіх маіх ліхіх суседзяў, якія чапляюцца да спадчыны, якую Ён прызначыў народу Свайму, Ізраэлю: «Вось жа, вырву Я іх з зямлі іх і дом Юды вырву з асяроддзя іх.

15 І будзе: калі вырву Я іх, то зноў пашкадую іх і вярну іх назад, кожнага да спадчыны сваёй і кожнага — у зямлю сваю.

16 І будзе: калі вывучаць яны дасканала шляхі народа Майго, каб прысягнулі імем Маім: “Жыве Госпад!”, як навучылі яны народ Мой прысягаць Баалам, то будуць будавацца сярод народа Майго.

17 А калі і тады не паслухаюць, то Я вырву народ той, вырву на загубу», — кажа Госпад.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)