Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЕРАМІІ 13 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Гэта сказаў мне Госпад: «Ідзі і купі сабе льняны пояс, і падпяраж ім сцёгны свае, але не кладзі яго ў ваду».

2 І купіў я пояс паводле слова Госпада і падпяразаў сцёгны свае.

3 І другі раз было да мяне слова Госпада, якое казала:

4 «Вазьмі пояс, які набыў і які на сцёгнах тваіх, устань і ідзі да Эўфрата і схавай там яго ў шчыліне скалы».

5 І пайшоў я, і схаваў яго каля Эўфрата, як загадаў мне Госпад.

6 І сталася: праз многа дзён сказаў мне Госпад: «Устань і ідзі да Эўфрата ды забяры адтуль пояс, які Я загадаў табе схаваць там».

7 І пайшоў я да Эўфрата, і выкапаў, і забраў пояс з месца, дзе яго схаваў; і вось, пояс збуцвеў і не надаваўся да нічога.

8 І было слова Госпада да мяне, што казала:

9 «Гэта кажа Госпад: “Так вось Я знішчу пыху Юды ды бязмежную пыху Ерузаліма.

10 Разбэшчаны народ гэты — яны не хочуць слухаць слоў Маіх і жывуць у сапсаванасці сэрца свайго. Ды пайшлі яны за чужымі багамі, каб ім служыць і ім пакланяцца, дык будзе ён, як гэты пояс, які ні на што не надаецца.

11 Бо як прылягае пояс да сцёгнаў мужчыны, так Я прытуліў да сябе ўвесь дом Ізраэля і ўвесь дом Юды, — кажа Госпад, — каб былі яны для Мяне народам, і імем, і хвалой, і славай, але яны не паслухаліся”.

12 Дык ты скажаш ім такое слова: гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Кожны збан напоўніцца віном”. І скажуць яны табе: “Ці ж мы не ведаем, што кожны збан напоўніцца віном?”

13 А ты скажаш ім: гэта кажа Госпад: “Вось, Я напоўню п’янствам усіх жыхароў гэтай зямлі, і цароў з роду Давіда, і святароў, і прарокаў, і ўсіх жыхароў Ерузаліма,

14 ды паразбіваю іх аднаго аб аднаго, бацькоў разам з сынамі, — кажа Госпад, — не пашкадую, і не адступлю, і не злітуюся, аж пакуль не знішчу іх”».

15 Слухайце і ўспрымайце вушамі; не ўзносцеся, бо Госпад сказаў гэта:

16 «Аддайце хвалу Госпаду, Богу вашаму, перш чым наступіць цемра і перш чым пачнуць спатыкацца ногі вашы каля цёмных гор; будзеце вы чакаць святла, а Ён заменіць яго на цемру смерці ды туман».

17 Калі ж вы гэтага не паслухаеце, будзе таемна плакаць душа мая дзеля вашай пыхі; будзе плакаць безупынна, і вока маё выпусціць слязу, бо статак Госпада захоплены ў няволю.

18 Скажы цару і царыцы: «Сядзьце на зямлі, бо спаў з галавы вашай вянец славы вашай!»

19 Гарады Нагэба замкнутыя, і няма, хто б адкрыў іх. Увесь Юда адведзены ў няволю, перайшоў цалкам.

20 Падымі вочы свае і паглядзі на прыхадняў з Поўначы, — дзе ёсць статак, даручаны табе, цудоўная жывёла твая?

21 Што скажаш, калі наведаюць яны цябе? Ты бо сам прывучыў іх да сябе, прыяцеляў на галаву сваю. Ці ж не ахопяць цябе пакуты, як жанчыну парадзіху?

22 А калі ты скажаш у сэрцы сваім: «Чаму гэта ўсё напаткала мяне?» — Дзеля многіх правін тваіх былі адкрытыя полы адзення твайго і аголены ступні твае.

23 Ці ж можа этыёп змяніць скуру сваю, а леапард — плямы свае? Таксама і вы, ці можаце добрае рабіць, вы, якія навучыліся паводзіць сябе крывадушна?

24 «Дык Я рассыплю вас, як мякіну, якую разносіць вецер пустынны.

25 Такі твой лёс і доля, адмераная Мною табе, — кажа Госпад, — бо ты забыўся пра Мяне, і паверыў у ашуканства.

26 За гэта і Я раскрыю полы адзення твайго аж да твару твайго, ды выявіцца ганьба твая,

27 твае чужаложніцтвы і ржанне тваё, ліхота распусты тваёй; на ўзгорках і ў полі бачыў Я агіднасці твае. Гора табе, Ерузалім, не ачысцішся! Дакуль жа?»

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы