1 І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы: 2 «Сын чалавечы, праракуй пра пастыраў Ізраэля, праракуй і кажы пастырам: гэта кажа Госпад Бог: “Гора пастырам Ізраэля, якія пасвілі самі сябе! Ці ж пастыры не павінны пасвіць статак? 3 Вы пілі малако, і апраналіся ў воўну, і забівалі, што тлустае, аднак статак авечак не пасвілі: 4 што слабое было — не ўзмацнілі, і што хворае — не аздаравілі; што было скалечанае — не перавязалі, і што выгнана было — не прывялі назад, і згубленага не шукалі, і абыходзіліся з тым, што дужае, з гвалтам. 5 Ды рассыпаліся авечкі Мае, бо не мелі пастыра; і сталі здабычаю ўсіх дзікіх палявых звяроў, і разбегліся. 6 Блукалі статкі Мае на ўсіх гарах і на кожным высокім узгорку, і па ўсёй паверхні зямлі разбегліся статкі Мае; і ніхто пра іх не пытаўся, ніхто іх не шукаў”. 7 Дзеля таго вы, пастыры, слухайце слова Госпада: 8 “Жыву Я, — кажа Госпад Бог, — за тое, што статак Мой стаў рабункам і авечкі Мае сталі здабычай дзікім палявым звярам, бо не мелі пастыра, бо пастыры Мае не шукалі статак Мой, але пасвілі пастыры саміх сябе і статка Майго не пасвілі”, 9 дзеля таго вы, пастыры, слухайце слова Госпада. 10 Вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я Сам супраць пастыраў. З рукі іх Я запатрабую статак Мой і спыню іх, каб яны болей не пасвілі статка і каб больш тыя пастыры не пасвілі саміх сябе; і Я вызвалю статак Мой з іх пашчы, і не будзе ён больш служыць ім на жыраванне”. 11 Бо вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я Сам буду шукаць Маіх авечак і буду наведваць іх. 12 Як аглядае пастух статак свой у дзень, калі знаходзіцца сярод рассыпаных авечак сваіх, так Я наведаю авечак Маіх ды вызвалю іх з усіх месцаў, у якія былі яны рассыпаны ў дзень хмарны і туманны. 13 І выведу іх з народаў, і збяру іх з земляў, і вярну іх у зямлю Сваю, і буду пасвіць іх на гарах Ізраэля, па лагчынах і па ўсіх абжытых месцах зямлі. 14 Буду пасвіць іх на самых сакавітых пашах, і пашы іх будуць на высокіх гарах Ізраэля; там будуць адпачываць на зялёных травах і на сакавітых пашах будуць пасвіцца на гарах Ізраэля. 15 Я буду пасвіць авечак Маіх, і Я дазволю ім адпачыць, — кажа Госпад Бог. 16 Што было згублена — знайду, і што было выгнана — прывяду, і што было скалечана — перавяжу, і што было хворае — вылечу, і тлустае і моцнае знішчу. Буду пасвіць іх справядліва”. 17 Да вас жа, статак Мой, вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я буду судзіць авечак, бараноў і казлоў. 18 Ці ж мала вам было добрай пашы на выпасы? Чаму ж і астатнія вашы пашы вы павытоптвалі нагамі сваімі і чаму калі пілі вы найчысцейшую ваду, то астатнюю каламуцілі вашымі нагамі? 19 І авечкі Мае мусілі пасвіцца на тых месцах, якія вытаптаны былі вашымі нагамі, і піць тое, што забрудзілі вашы ногі”. 20 Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог да іх: “Вось, Я Сам буду судзіць між авечкай сытай і худою; 21 дзеля таго, што вы ўсіх слабых жывёл адпіхвалі бакамі і плячамі ды піхалі іх сваімі рагамі, пакуль не рассыпаліся яны звонку, 22 Я збаўлю Мой статак, і больш не будзе ён здабычай, і буду судзіць між авечкай і авечкай. 23 Вось, Я пастаўлю для іх аднаго пастыра, паслугача Майго Давіда, які будзе іх пасвіць; ён будзе іх пасвіць, і ён будзе ім пастырам. 24 А Я, Госпад, буду для іх Богам, і паслугач мой Давід будзе князем сярод іх. Я, Госпад, сказаў гэта. 25 Ды заключу з імі запавет міру, і дзікіх звяроў найгоршых вынішчу з зямлі, і будуць яны пражываць спакойна ў пустыні і адпачываць у лясах; 26 і дабраслаўлю іх, і землі вакол узвышша Майго, і буду пасылаць дождж у свой час: гэта будзе дождж дабраславенства. 27 І палявое дрэва будзе даваць плады свае, і зямля радзіць будзе, і будуць яны жыць спакойна ў сваёй зямлі, і даведаюцца, што Я — Госпад, калі скрышу кайданы іх і вырву іх з рукі прыгнятальнікаў іх. 28 І не будуць яны больш здабычай народаў, ані дзікія звяры зямлі не будуць іх пажыраць, але будуць яны жыць спакойна і без аніякага страху. 29 І вырашчу ім парастак слаўны, і не будуць яны болей гінуць з голаду на зямлі, ды не будуць болей зносіць знявагі народаў; 30 І зразумеюць, што Я — Госпад Бог з імі, і яны — народ Мой, дом Ізраэля”, — кажа Госпад Бог. 31 “А вы — статак Мой, статак пашы Маёй, і Я Госпад, Бог ваш”, — кажа Госпад Бог». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)