Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ГАБРЭЯЎ 8 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ГАБРЭЯЎ 8

1 Галоўнае ж, аб чым гаворыцца, ёсць тое, што мы маем такога Першасвятара, Які сеў праваруч пасада Велічы ў небе,

2 Служыцеля святыні і праўдзівай палаткі, якую паставіў Госпад, а не чалавек.

3 Кожны святар ставіцца, каб складаць дары і ахвяры, таму трэба было, каб і Гэты меў нешта для ахвяры.

4 Калі б Ён заставаўся на зямлі, то не быў бы святаром, таму што ёсць тут святары, што складаюць дары паводле закону.

5 Яны служаць вобразу і ценю нябеснага, як сказана было Майсею, калі меў паставіць палатку: «Глядзі, – вось, кажа, – зрабі ўсё паводле ўзору, які быў табе паказаны на гары».

6 Цяпер, вось, Ён атрымаў лепшае служэнне настолькі, наколькі стаўся Пасярэднікам лепшага запавету, які ўгрунтаваны на лепшых абяцаннях.

7 Бо калі б той першы быў без заганы, то не трэба было б шукаць на яго месца другога.

8 Бо, ушчуваючы іх, кажа: «Вось жа настануць дні, кажа Госпад, і Я заключу з домам Ізраэля і з домам Юды новы запавет,

9 не паводле запавету, які Я зрабіў з іх бацькамі ў дзень, у які ўзяў руку іх, каб вывесці іх з зямлі Егіпецкай, бо яны не вытрывалі ў Маім запавеце, і Я занядбаў іх, – кажа Госпад.

10 Вось жа, запавет, які Я дам дому Ізраэля пасля тых дзён, – кажа Госпад, – даўшы законы Мае у іх думкі, ды ў сэрцы іх упішу іх і буду ім Богам, і яны будуць Мне народам.

11 І ніхто не будзе вучыць блізкага свайго, ані брата свайго, кажучы: “Пазнай Госпада!” Бо ўсе Мяне пазнаюць ад найменшага з іх аж да найбольшага.

12 Бо міласэрным буду да іх няправеднасцей і не ўспомню больш пра іх грахі».

13 Кажучы пра «новы», першы прызнаў Ён старым. А тое, што старое і марнее, тое блізкае да знішчэння.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)