Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


БЫЦЦЁ 46 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
БЫЦЦЁ 46

1 І выбраўся Ізраэль з усім, што меў, і прыбыў у Бээр-Сэбу, і, склаўшы там ахвяру Богу бацькі свайго Ізаака,

2 пачуў, як Ён клікаў яго ў начной з’яве: «Якубе, Якубе!» Той адказаў Яму: «Вось я!»

3 І сказаў Ён яму: «Я — Бог, Бог бацькі твайго. Не бойся перабірацца ў Егіпет, бо вялікім народам зраблю Я цябе там.

4 Я пайду разам з табой туды і адтуль выведу цябе назад, а Язэп ускладзе рукі свае на вочы твае».

5 І рушыў далей Якуб з Бээр-Сэбы. І павезлі яго сыны з дзецьмі і жонкамі сваімі на вазах, якія прыслаў фараон, каб прывезці старога,

6 а таксама ўзялі яны ўсё, што мелі ў зямлі Ханаан. І прыбылі яны ў Егіпет, Якуб і ўсе нашчадкі яго,

7 сыны яго і ўнукі, дочкі і ўвесь род.

8 Такія вось імёны сыноў Ізраэля, якія прыйшлі ў Егіпет, ён з дзецьмі сваімі: першародны Рубэн.

9 Сыны Рубэна: Гэнох, і Паллю, і Хэцрон, і Хармі.

10 Сыны Сімяона: Ямуэль, і Ямін, і Огад, і Яхін, і Цахар і Саўл, сын хананейкі.

11 Сыны Леві: Гэрсон, Кагат і Мэрары.

12 Сыны Юды: Гэр, і Анан, і Шэла, і Пэрэс, і Зара. Але Гэр і Анан памерлі ў зямлі Ханаан. Сыны Пэрэса былі: Эсром і Гамул.

13 Сыны Ісахара: Тола, і Пува, і Ясуб, і Сэмрон.

14 Сыны Забулона: Сарэд, і Элон, і Яхэлэль.

15 Гэта сыны Ліі, якіх нарадзіла яна яму ў Падан-Араме, а таксама Дзіну, дачку сваю. Усіх душ сыноў яго і дачок трыццаць тры.

16 Сыны Гада: Сэфон і Хагі, Шуні і Эцбон, Эры і Арод, і Арэлі.

17 Сыны Асэра: Емна, і Ешуа, і Ішві, і Бэрыя і іх сястра Сараі. А сыны Бэрыі: Гебэр і Мэлхіэль.

18 Гэта сыны Зільпы, якую даў Лабан дачцэ сваёй Ліі, а яна нарадзіла іх Якубу, усяго шаснаццаць душ.

19 Сыны Ракелі, жонкі Якуба: Язэп і Бэньямін.

20 Язэпу нарадзіліся ў Егіпце сыны, якіх нарадзіла яму Асэнат, дачка Патыфэра, святара Геліяпольскага: Манаса і Эфраім.

21 і Сыны Бэньяміна: Бэла і Бахор, і Асбэл, Гэра і Нааман, і Эхі, і Рош, Мапім і Хупім, і Арэд.

22 Гэта сыны Ракелі, і яна нарадзіла іх Якубу. Усіх чатырнаццаць душ.

23 Сын Дана: Хусім.

24 Сыны Нэфталі: Ясіэль, і Гуні, і Язэр, і Шылем.

25 Гэта сыны Більгі, якую даў Лабан Ракель, сваёй дачцэ, і яна нарадзіла іх Якубу. Усіх сем душ.

26 Усіх душ, якія прыбылі з Якубам у Егіпет і выйшлі з яго сцёгнаў, было агулам, апроч жонак сыноў яго, шэсцьдзесят шэсць.

27 Сыноў жа Язэпа, якія яму нарадзіліся ў зямлі Егіпта, было дзве душы. Усіх душ дому Якуба, якія прыбылі ў Егіпет, было семдзесят.

28 І выслаў ён Юду перад сабой да Язэпа, каб той паведаміў і прыйшоў у Гашэн.

29 І прыйшлі яны ў зямлю Гашэн. Язэп, запрэгшы сваю калясніцу, выехаў насустрач бацьку свайму ў Гашэн; і, убачыўшы яго, кінуўся яму на шыю, і, абняўшы, доўга плакаў.

30 І сказаў Ізраэль Язэпу: «Цяпер я спакойна памру, бо ўбачыў аблічча тваё і ведаю, што ты жывы!»

31 А той сказаў братам сваім і ўсёй сям’і бацькі свайго: «Пайду і паведамлю фараону, і скажу яму: “Браты мае і сям’я бацькі майго, якія пражывалі ў зямлі Ханаан, прыбылі да мяне.

32 Яны пастухі авечак і займаюцца гадаваннем жывёлы; жывёлу дробную, буйную і ўсё, што маглі мець, прывялі яны з сабою”.

33 Калі пакліча ён вас і запытае: “Чым вы займаецеся?” —

34 вы адкажаце: “Мы, паслугачы твае, — пастухі ад дзяцінства нашага і аж да цяперашняга часу, і мы, і бацькі нашы”. Гэта вось скажаце, каб маглі жыць у зямлі Гашэн, бо брыдзяцца ўсе егіпцяне пастухамі авечак».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)