Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

БЫЦЦЁ 47 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І Язэп, увайшоўшы да фараона, абвясціў, сказаўшы: «Бацька мой і браты, авечкі іх і жывёла ды ўсё, што маюць, прыбылі з зямлі Ханаан, і вось, яны знаходзяцца ў зямлі Гашэн».

2 І з усіх братоў сваіх пяць мужчын паставіў перад царом.

3 Той іх запытаў: «Чым займаецеся?» Яны адказалі: «Мы, паслугачы твае, — пастухі авечак, і мы, і бацькі нашы».

4 І сказалі фараону: «Мы прыйшлі, каб качаваць па зямлі, бо ў нас няма травы для статка паслугачоў тваіх, бо павялічыўся голад у зямлі Ханаан. Просім, каб прызначыў нам, паслугачам тваім, пасяліцца ў зямлі Гашэн».

5 І сказаў цар Язэпу: «Бацька твой і браты твае прыбылі да цябе.

6 Зямля Егіпецкая перад табою. Пасялі іх на найлепшым месцы і аддай ім зямлю Гашэн. А калі ведаеш між імі людзей здольных, устанаві іх наглядчыкамі над маёй жывёлай».

7 Пасля таго прывёў Язэп бацьку свайго да цара і паставіў яго перад ім. І дабраславіў Якуб фараона.

8 Фараон спытаўся ў яго: «Колькі гадоў жыцця твайго?»

9 Ён адказаў: «Дзён пілігрымавання майго — сто трыццаць гадоў, кароткіх і ліхіх; не дасягнулі яны нават дзён бацькоў маіх, на працягу якіх яны пілігрымавалі».

10 І, дабраславіўшы цара, выйшаў вонкі.

11 А Язэп, па загадзе фараона, бацьку і братам сваім даў уладанне ў Егіпце ў найлепшым месцы — у зямлі Рамэсас,

12 і карміў ён іх ды ўвесь дом бацькі свайго, забяспечваючы харчамі кожнага.

13 А на ўсёй зямлі не хапала хлеба, і зямлю ўціскаў страшны голад. І прападала зямля Егіпта і Ханаана з-за голаду.

14 А ён праз продаж збожжа сабраў з гэтых земляў усе грошы і занёс іх у скарбніцу цара.

15 І калі ў пакупнікоў не засталося грошай, усе жыхары Егіпта прыйшлі да Язэпа і казалі: «Дай нам хлеба! Нашто паміраць нам на вачах у цябе, бо не маем ужо грошай!»

16 Ён ім адказваў: «Прыводзьце жывёлу сваю, і за яе дам вам ежы, калі не маеце платы».

17 Калі яны прыводзілі, Язэп даваў ім харчы за коней, і авечак, і валоў, і аслоў. І карміў іх у той год у замену за жывёлу.

18 На другі год таксама прыйшлі да яго і сказалі яму: «Не хаваем перад гаспадаром нашым, што не маем грошай, жывёла перайшла да гаспадара нашага, і не сакрэт для цябе, што, акрамя целаў і зямлі, нічога болей не маем.

19 Дык нашто нам паміраць на вачах тваіх, і нам, і зямлі нашай? Купі нас і зямлю нашу ў паднявольнасць цару ды забяспеч нас насеннем, каб разам з пагібеллю аратая не ператварылася зямля ў пустыню».

20 І Язэп купіў усю зямлю Егіпецкую, бо кожны прадаў уладанне сваё дзеля вялікага голаду. І так падпарадкаваў яе фараону,

21 а ўсе народы яе аддаў яму ў няволю, ад найбліжэйшых межаў Егіпта да самых далёкіх яго ўскрайкаў.

22 Святарскай жа зямлі не купляў, бо яны карысталіся харчамі па фараонавым распараджэнні, таму не былі вымушаны прадаваць свае ўладанні.

23 І сказаў Язэп людзям: «Вось, бачыце, што і вы, і зямля ваша належыце фараону. Вазьміце насенне і засейце палі,

24 каб маглі мець ураджай. Пятую частку аддасце фараону, а чатыры астатнія аддаю вам на насенне і на ежу сем’ям і дзецям вашым».

25 Яны адказвалі: «Ты ўратаваў нас! Спагадным толькі будзь да нас, гаспадару наш, а мы з радасцю будзем служыць цару».

26 З таго часу аж па сённяшні дзень даецца пятая частка з усёй зямлі Егіпецкай фараонам; і было [гэта] ўсталявана Язэпам, як закон, за выключэннем зямлі святарскай, якая вольная ад гэтай умовы.

27 І абжыўся Ізраэль у Егіпце, гэта значыць, у зямлі Гашэн, і ўзяў яе на ўласнасць, і разрастаўся, і вельмі размножыўся.

28 І пражыў Якуб у зямлі Егіпецкай семнаццаць гадоў, і споўнілася ўсіх дзён жыцця яго сто сорак сем гадоў.

29 А калі заўважыў, што набліжаецца дзень смерці яго, паклікаў сына свайго Язэпа і сказаў яму: «Калі я знайшоў ласку ў цябе, пакладзі руку сваю пад сцягно маё, ды праяві міласэрнасць і вернасць мне, ды не хавай мяне ў Егіпце!

30 Але, калі засну з бацькамі маімі, вывезеш мяне з гэтай зямлі і пакладзеш у магілу продкаў маіх». Адказаў яму Язэп: «Зраблю я, як ты загадаў».

31 Тады ён сказаў: «Прысягні мне!» А калі ён прысягнуў, Ізраэль, адвярнуўшыся, схіліў галаву на ложак.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы