Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ІСАІ 61 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ІСАІ 61

1 Дух Госпада Бога нада мною, таму Госпад мяне намасціў, каб прапаведаваў добрую вестку ўбогім; паслаў мяне лячыць раны зламаным сэрцам, абвяшчаць палонным свабоду, а вязням — вызваленне,

2 абвяшчаць год спагадлівасці Госпада і дзень помсты для Бога нашага, каб пацешыць усіх засмучаных,

3 каб прызначыць [радасць] тым, хто плача на Сіёне, і даць ім вянок замест попелу і намашчэнне радасці замест смутку, плашч хвалы замест тужлівага духу. І назавуць іх тэрэбінітамі справядлівасці, насаджэннем Госпада дзеля ўслаўлення.

4 І забудуюць адвечныя пустэчы, і руіны старадаўнія адновяць, і адбудуюць спустошаныя гарады, зруйнаваныя многімі пакаленнямі.

5 І стануць чужынцы, і будуць пасвіць вашу жывёлу, і сыны чужаземцаў стануць вашымі земляробамі і вінаградарамі.

6 Вы ж будзеце называцца святарамі Госпада, зваць вас будуць слугамі Бога нашага. Скарыстайцеся з магутнасці народаў, і будзеце ганарыцца славай іх.

7 За падвоены іх сорам і знявагу пахваляць яны долю сваю; таму ў сваёй зямлі пяроймуць у спадчыну ўсё ўдвайне, і вечная радасць будзе ім.

8 «Бо Я, Госпад, люблю законнасць, ненавіджу рабункі і беззаконне; і дам вынік іх па праўдзе, ды заключу з імі павяковае прымірэнне».

9 І будзе вядомым племя іх між народамі, і патомства іх — між людзьмі. Усе, хто іх убачаць, прызнаюць, што яны — племя, якое дабраславіў Госпад.

10 Буду радавацца радасцю ў Госпадзе, і ўзвесяліцца душа мая ў Богу маім, бо апрануў Ён мяне ў шаты збаўлення і агарнуў Ён мяне вопраткаю справядлівасці, як сужэнца, аздобленага вянцом, і як сужэнку, упрыгожаную каштоўнасцямі яе.

11 Як бо зямля прыносіць сваю расліннасць ды як сад родзіць свае пасевы, так Госпад Бог народзіць справядлівасць і хвалу перад абліччам усіх народаў.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)