ІСАІ 60 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Устань, заззяй, бо прыйшло святло тваё і заяснела слава Госпада над табою. 2 Бо, вось жа, цемра ахутае зямлю і туман — народы. А над табою заяснее Госпад і слава Яго з’явіцца над табою. 3 І будуць хадзіць народы ў святле тваім, а цары — у яснасці твайго ўсходу. 4 Падымі вочы свае навакол і паглядзі: усе гэтыя сабраныя ідуць да цябе. Твае сыны здалёку прыходзяць, а дочкі твае несены на руках. 5 Тады ўбачыш і заяснееш, і затрасецца сэрца тваё, і расшырыцца, бо да цябе наплыве многа багацця марскога, моц народаў прыйдзе да цябе. 6 Мноства вярблюдаў агорне цябе, драмадэры з Мадыяна і з Эфы, усе з Сабы прыбудуць, несучы золата і кадзіла ды абвяшчаючы славу Госпада. 7 Уся жывёла Кедара збярэцца пры табе, бараны Набаёта будуць служыць табе, будуць ахвяраваны яны на Маім ахвярніку перамалення, і дом славы Маёй услаўлю. 8 Хто гэта яны, што лятуць, як хмары ды як галубкі, да вокнаў сваіх? 9 Бо Мяне чакаюць астравы, а ў першую чаргу — караблі Тарсіса, каб прывезці сыноў тваіх здалёку, срэбра іх і золата іх разам з імі; дзеля імя Госпада Бога твайго і Святога Ізраэлева, бо Ён уславіў цябе. 10 І адбудуюць сыны чужаземцаў муры твае, а іх цары служыць будуць табе, бо ўдарыў Я цябе ў гневе Сваім, але ў Сваёй дабраце пашкадаваў цябе. 11 І адчынены будуць твае брамы заўсёды, днём і ноччу не будуць замыкацца, каб прыносілі да цябе магутнасць народаў і каб прывялі цароў іх. 12 Народ бо і царства, якія не служылі б табе, прападуць, а народы будуць вынішчаны дашчэнту. 13 Слава Лібану прыйдзе да цябе, разам кіпарысы, вязы і елкі, каб упрыгожыць месца свяцілішча Майго, ды месца, дзе стаяць Мае ногі, праслаўлю. 14 І прыйдуць да цябе з паклонам сыны тых, якія прыніжалі цябе, і падуць да стоп ног тваіх усе, якія пагарджалі табой, і назавуць цябе Горадам Госпадавым, Сіёнам Святога Ізраэля. 15 За тое, што была пакінута, зненавіджана і не было нікога, хто б наведаў цябе, зраблю цябе гонарам вякоў, радасцю з пакалення ў пакаленне. 16 І будзеш карміцца малаком з грудзей царскіх, і будзеш ведаць, што Я — Госпад, Збаўца твой ды Адкупіцель твой — Усемагутны Якубаў. 17 Замест медзі дастаўлю золата, а замест жалеза дастаўлю срэбра, замест дрэва — медзь, а замест камянёў — жалеза; і ўстанаўлю супакой тваім вартаўніком, а справядлівасць — тваім кіраўніком. 18 Не пачуецца больш у тваім краі пра гвалт, пра спусташэнні і загубу — у тваіх межах; і назавеш муры твае збаўленнем, а брамы твае — хвалою. 19 Ужо сонца не будзе больш свяціць табе днём, ані яснасць месяца не засвеціць табе, але Госпад будзе табе вечным святлом і Бог твой — славай тваёй. 20 Тваё сонца не будзе заходзіць ужо больш, ані месяц твой не знікне, бо Госпад будзе табе вечным святлом, і скончацца дні тваёй жалобы. 21 А ўвесь твой народ будзе народам справядлівых, якія атрымаюць у спадчыну навечна зямлю, парастак насаджэння Майго, твор рукі Маёй на ўслаўленне. 22 З найменшага станецца тысячай, з малога — народам магутным. Я, Госпад, учыню гэта скора ў свой час. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)