1 Хай цешацца пустыня і бездарожжа, хай радуецца стэп і хай цвіце, як лілея! 2 Хай квітнее і скача, поўная радасці і хвалы. Слава Лібана ёй дадзена, гожасць Кармэля і Сарона; яны ўбачаць славу Госпада, велічнасць Бога нашага. 3 Зрабіце дужымі рукі аслабелыя і калені самлелыя. 4 Кажыце маладушным: «Трымайцеся, не бойцеся! Вось, Бог ваш, помста надыдзе, адплата Божая; Ён сам прыйдзе і збавіць вас». 5 Тады вочы сляпых адплюшчацца і вушы глухіх адкрыюцца. 6 Тады заскача, як алень, кульгавы, і загамоніць радасна язык нямых, бо праб’юцца воды ў пустыні і ручаі ў стэпе. 7 І зямля сухая заменіцца ў возера, а сасмаглая — у крыніцы водаў, а ў логавішчах, дзе жылі драконы, вырастуць трыснёг і чарот. 8 І будзе там сцежка і дарога; і назавуць яе святой дарогай: не будзе ісці ёю нячысты; будзе ім дарога роўная, так што па ёй не будуць хадзіць неразумныя. 9 Не будзе там ільва, ды драпежны звер не ўзыдзе на яе, і не будзе знаходзіцца там, а будуць ісці ёю тыя, хто будуць вызвалены, 10 і адкупленыя Госпадам вернуцца. І прыйдуць яны з хвалою на Сіён, і радасць вечная — над іх галавою: весялосць і радасць яны здабудуць, а смутак і стогны сыдуць. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)