ІСАІ 34 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Прыступіце, народы, каб паслухаць! І вы, людзі, зважце! Няхай слухае зямля ды ўсё, што яе запаўняе, сусвет і ўсё, што ў ім расце! 2 Бо Госпад гарыць гневам супраць усіх паганаў і абураны на ўсё войска іх; прызначыў Ён іх на вынішчэнне і аддаў іх на загубу. 3 Забітыя іх будуць ляжаць параскіданыя, і ад трупаў іх будзе ўздымацца смурод; размокнуць горы ад крыві іх. 4 І змарнее ўсё войска нябеснае, і згорнуцца нябёсы, як кніга, і ўсё войска іх спадзе, як спадае ліст з вінаграднай лазы ды сухая лістота з фігавага дрэва. 5 «Бо ап’янеў Мой меч на небе, вось жа, спадзе ён на Эдом і на народ, які асудзіў Я на вынішчэнне». 6 Меч Госпадаў увесь скрываўлены, пакрыты тлушчам, крывёй ягнят і казлоў, тлустасцю нырак барановых, бо ахвяра Госпада ў Босры і разня вялікая ў зямлі Эдом. 7 Падаюць быкі разам з імі, цяляты разам з валамі, зямля напітаецца іх крывёю, а глеба — тлушчам іх сытасці; 8 бо дзень помсты — у Госпада, год адплаты дзеля абароны Сіёна. 9 І ператворацца ручаі яго ў смалу, а глеба яго — у серу, і будзе зямля яго смалою гаручаю. 10 Не згасне ані ўдзень, ані ўночы яго дым, падымацца будзе вечна, пуставаць будзе з пакалення ў пакаленне, на векі вякоў ніхто праз яго не пройдзе. 11 Пелікан і вожык будуць валодаць ім, пугач і крук паселяцца ў ім, і расцягне [Госпад] над ім шнур пустэчы і адвес спусташэння. 12 Вяльможаў яго не застанецца, і не абвесцяць яны царства, ды ўсе князі яго будуць ні на што. 13 На дамах яго вырастуць церні, на ўмацаваннях яго — крапіва і асот, і будзе лежбішча драконаў і выган страусаў. 14 І збягуцца гіены ды суслікі, і касматае страшыдла будзе прызываць сябра свайго; там лямія прыляжа і знойдзе сабе адпачынак. 15 Там гняздуецца змяя і кладзе яйкі, акопвае іх наўкола і выседжвае ў засені іх; туды злятаюцца каршуны адзін да аднаго. 16 Пашукайце ў кнізе Госпада і чытайце! — аніводнага з іх не будзе бракаваць, адзін аднаго не павінен чакаць; бо вусны Госпада загадалі ды дух Яго — Ён іх сабраў. 17 І Ён кінуў ім лёс, ды рука Яго падзяліла зямлю іх меркаю; вечна будуць валодаць ёю, з пакалення ў пакаленне будуць жыць на ёй. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)