1 І калі скончылася вяселле, паклікаў Табіэль сына свайго Тобію і сказаў яму: «Чалавеку таму, што праводзіў цябе, дадзім належнае з дадаткам да платы яго». 2 І ён сказаў яму: «Тату, якую дам я яму плату? Я не буду пакрыўджаны, калі дам яму з усяго, што ён са мной даставіў, палову. 3 Ён мяне прывёў здаровым, і паклапаціўся аб жонцы маёй, і грошы прынёс са мной дый цябе аздаравіў! Дык якую маю даць яму плату?» 4 І сказаў яму Табіэль: «Справядліва, сыне, каб ён атрымаў з усяго таго, што прынёс з табой, палову». 5 І паклікаў яго, і сказаў: «Вазьмі палову з усяго таго, што з сабою прынёс, за плату сваю ды ідзі здароў». 6 Тады Рафаэль папрасіў іх абодвух таемна і сказаў ім: «Бога дабраслаўляйце і Яго ўслаўляйце перад усімі жывучымі, якое дабро аказаў Ён вам, каб дабраслаўлялі вы і ў песнях апявалі імя Яго; словы Божыя шануйце, ды не лянуйцеся хваліць Яго. 7 Добрая рэч – скрываць таямніцу цара, а справы Божыя выяўляць і славіць – пачэсна. Рабіце дабро, і зло вас абміне. 8 Добрая ёсць малітва з постам, і міласціна – са справядлівасцю. Лепш – невялікае са справядлівасцю, чым вялікае – са злачыннасцю. Лепш даваць міласціну, чым будаваць скарбніцы для золата. 9 Міласціна вызваляе ад смерці ды ачышчае ўсякі грэх. Тыя, хто дае міласціну, – насычаюцца жыццём; 10 тыя, што дапускаюцца граху і злачыннасці, з’яўляюцца ворагамі сваёй душы. 11 Выяўлю перад вамі ўсю праўду ды не скрыю ад вас аніводнага слова. Ужо я вам растлумачыў і сказаў: добрая справа – хаваць таямніцу цара, але выяўляць справы Божыя ёсць пачэсна. 12 І цяпер, калі ты і Сара маліліся, я прадставіў перад веліччу Госпада напамін мальбы вашай; і калі ты хаваў памерлых, падобна. 13 І таму што ты не паленаваўся ўстаць ды пакінуць страву сваю, і пайшоў і пахаваў памерлага, то я быў пасланы да цябе, каб цябе выпрабаваць. 14 І паўторна паслаў мяне Бог паклапаціцца пра цябе ды пра тваю нявестку Сару. 15 Я Рафаэль, адзін з сямі святых анёлаў, якія служаць і ўваходзяць перад абліччам велічы Госпада». 16 І яны абодва ўстрывожыліся, і ўпалі на твар свой, і надта баяліся. 17 І ён сказаў ім: «Не бойцеся! Супакой з вамі. Бога дабраслаўляйце навек. 18 Калі я быў з вамі, не з волі сваёй быў з вамі, але з волі Божай. Яго дабраслаўляйце праз усе дні, дый Яму спявайце гімны. 19 І бачылі вы, хоць я нічога не еў, а вам прадстаўляўся від. 20 І цяпер дабраслаўляйце Госпада на зямлі ды дзякуйце Богу. Вось, я ўзыходжу да Таго, Хто мяне паслаў. Апішыце ўсё гэта, што з вамі здарылася». І адышоў. 21 І яны падняліся, і ўжо не маглі яго бачыць. 22 Дык дабраслаўлялі Бога, і спявалі гімны, і дзякавалі Яму за ўсе гэтыя вялікія справы Яго, што аб’явіўся ім анёл Божы. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)