Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

Гэтая кніга не натхнёная Богам і не з'яўляецца часткай ні хрысціянскага канону, ні яўрэйскага Танаха. Яна паказваецца толькі ў гістарычных і даследчых мэтах. Паглядзець поўнае тлумачэнне

Кніга Тобіі 11 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І пайшлі дарогай сваёй, і прыбылі ў Харан, што насупраць Нінівы.

2 Тады сказаў Рафаэль: «Ведаеш, якім пакінулі мы бацьку твайго.

3 Апярэдзім жонку тваю, каб прывесці дом у парадак, пакуль яны прыйдуць».

4 І адправіліся абодва разам. І ён сказаў яму: «Вазьмі жоўць з сабой». І сабака пабег за імі, што быў з ім і Тобіем.

5 І Ганна сядзела і паглядала на дарогу сына свайго.

6 І яна спазнала яго, калі вяртаўся, і сказала бацьку яго: «Вось жа, сын твой падыходзіць і чалавек, які з ім пайшоў».

7 І Рафаэль сказаў Тобіі перш, чым ён падышоў да бацькі: «Ведаю, што адкрыюцца яго вочы.

8 Памаж жоўцю вочы яго, і лякарства выгрызе і сцягне з вачэй яго бяльмо. І гляне бацька твой, і ўбачыць святло».

9 І выбегла насустрач яму Ганна, і кінулася сыну свайму на шыю, і сказала яму: «Сынок, бачу цябе; магу цяпер паміраць!» І расплакалася.

10 І Табіэль падняўся, і ішоў нагамі, і выйшаў да брамы панадворка. І паспяшаўся да яго Тобія,

11 і жоўць рыбы меў у руцэ сваёй, і дзьмухнуў у вочы яго, і прытрымаў яго, і сказаў: «Будзь мужны, бацьку!» І прыклаў лякарства да яго вачэй, і пачакаў.

12 І затым абедзвюма рукамі сваімі сарваў бяльмо з краёў яго вачэй.

13 І ён, бачачы сына свайго, кінуўся яму на шыю

14 І, плачучы, казаў яму: «Бачу цябе, сынок, святло вачэй маіх!» І маліўся: «Дабраславёны Бог і дабраславёна вялікае імя Яго, ды дабраславёны ўсе святыя анёлы Яго – ва ўсе векі,

15 бо Ён пакараў мяне, і, вось, бачу Тобію, сына майго!» І ўвайшоў Табіэль і Ганна, жонка яго, у дом, цешачыся і дабраслаўляючы Бога ва ўвесь голас свой за ўсё, што з імі сталася. І расказаў Тобія бацьку свайму, што Госпад Бог добра паклапаціўся аб дарозе яго, і што прынёс ён грошы, і што дачку Рагуэля Сару ўзяў за жонку, і што, вось, яна прыбывае і знаходзіцца недалёка каля брамы Нінівы. Дык усцешыліся Табіэль і Ганна.

16 І выйшлі насустрач нявестцы сваёй да брамы Нінівы. І нініўцы, бачачы Табіэля, як прыходзіць і ідзе з усіх сваіх сіл і ніякая рука яго не вядзе, – вельмі дзівіліся,

17 і Табіэль услаўляў і дабраслаўляў моцным голасам Бога перад імі, бо злітаваўся над ім Бог і адкрыў яго вочы. І Табіэль падышоў да Сары, жонкі сына свайго Тобіі, і дабраславіў яе, і сказаў ёй: «Радуйся, дачка мая! Хай будзе дабраславёны Бог твой, Які прывёў цябе да нас, дачушка! І дабраславёны бацька твой, і дабраславёны сын мой Тобія, і дабраславёна ты, дачушка! Увайдзі ў дом твой у здароўі, і ў дабраславенні, і ў радасці ўвайдзі, дачушка!» У той дзень была радасць усім юдэям, якія жылі ў Нініве.

18 І прыбылі з братоў яго Ахікар і Надаб, цешачыся разам з Табіэлем. І вяселле доўжылася ў радасці сем дзён, і было дадзена [Тобіі] многа падарункаў.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы