1 «Усемагутны Госпадзе, Божа Ізраэля, душа ў прыгнёце і дух прыгнечаны прызывае Цябе. 2 Выслухай, Госпадзе, і злітуйся, бо зграшылі мы перад Табой; 3 бо Ты трываеш навек, і мы вечна гінем. 4 Усемагутны Госпадзе, Божа Ізраэля, выслухай зараз малітву памерлых Ізраэля ды сыноў тых, якія зграшылі перад Табою, якія не паслухаліся голасу Госпада, Бога свайго, і нахлынулі на нас няшчасці. 5 Не памятай правіннасцей бацькоў нашых, але памятай пра руку Тваю цяпер і пра імя Тваё, 6 бо Ты ёсць Госпад, Бог наш, і хваліць Цябе будзем, Госпадзе, 7 таму што Ты даў боязь Тваю сэрцам нашым, каб прызывалі мы імя Тваё; ды будзем хваліць Цябе ў няволі нашай, бо адварочваем ад сэрцаў нашых усякую злачыннасць бацькоў нашых, якія зграшылі перад Табою». 8 Вось, мы сёння ў няволі нашай, дзе разагнаў нас на пасмешышча, ды на праклён, ды на ачышчэнне за ўсе злачынствы бацькоў нашых, якія адступілі ад Госпада, Бога нашага. 9 Слухай, Ізраэлю, загады жыцця: вазьмі ў вушы, каб пазнаць разважлівасць. 10 Што сталася, Ізраэлю? Чаму апынуўся ты ў зямлі непрыяцеляў? 11 Састарэў ты ў зямлі чужой, знішчаны ты нароўні з памерлымі, залічаны да тых, што сыходзяць у цемру. 12 Пакінуў ты крыніцу разважлівасці! 13 Калі б хадзіў ты па дарозе Божай, жыў бы ў супакоі вечна. 14 Навучыся, дзе ёсць разважлівасць, дзе ёсць мужнасць, дзе ёсць розум, каб пазнаць адначасова, дзе ёсць доўгае і шчаслівае жыццё, дзе ёсць святло вачам і супакой. 15 Хто знайшоў яе месца? І хто ўвайшоў у яе скарбоўню? 16 Дзе ёсць валадары народаў ды тыя, што валадараць над звярамі дзікімі, якія знаходзяцца на зямлі, 17 тыя, што забаўляюцца з птушкамі паднебнымі, 18 тыя, што збіраюць срэбра і золата, на якіх спадзяюцца людзі, ды няма канца сквапнасці іх; якія апрацоўваюць срэбра ды сумуюць, ды няма канца іх працы? 19 Зніклі яны ды ў цемру сышлі, а іншыя на іх месца прыйшлі. 20 Маладыя ўбачылі святло і абжыліся на зямлі; а дарогі разважлівасці не пазналі, 21 ані не зразумелі сцежак Яго, ані не прынялі яе сыны іх, і далёка ад дарогі яе апынуліся, 22 і не чулі аб ёй у Ханаане, і не бачылі яе ў Тэмане. 23 Таксама сыны Агар шукаюць мудрасці на зямлі, гандляры Мэрана і Тэмана, і басняры, і даследчыкі разважлівасці: дарогі, аднак, да разважлівасці не пазналі ды не ўспамінаюць аб сцежках яе. 24 О Ізраэлю, які вялікі ёсць дом Божы, ды якое вялікае ўладанне Яго! 25 Вялікі і не мае канца, высокі і бязмежны. 26 Там былі гіганты слаўныя, яны былі ад пачатку, рослыя ды здатныя да бою. 27 Не іх выбраў Бог і не ім даў шлях настаўлення, 28 і пагінулі, бо не мелі разважлівасці, папрападалі дзеля сваёй неразумнасці. 29 Хто падняўся ў неба і ўзяў яе, ды прывёў яе з хмараў? 30 Хто праплыў мора і знайшоў яе, і хто прывязе яе замест чыстага золата? 31 Няма нікога, хто б знайшоў яе дарогу ды хто б адзначыў яе сцежку. 32 Але Той, Хто ведае ўсё, ведае яе, знойдзе яе Сваёю разважлівасцю; Хто заснаваў зямлю на час вечны ды запоўніў яе жывёламі чатырохногімі, 33 Хто паслаў святло – і пайшло яно, пазваў яго – і паслухалася яно Яго з трымценнем. 34 А зоркі свецяць на сваіх вартах і цешацца. 35 Паклікаў іх – і яны адказалі: «Мы тут»; свецяць з радасцю Таму, Хто іх стварыў. 36 Ён – Бог наш, ніхто іншы не зможа з Ім зраўнавацца. 37 Прасачыў Ён усе дарогі настаўлення і даў яго паслугачу Свайму Якубу і Ізраэлю, міламу Свайму. 38 Потым убачана была на зямлі і пачала яна прабываць сярод людзей. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)