Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


4 ЦАРСТВАЎ 7 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
4 ЦАРСТВАЎ 7

1 І сказаў тады Элісей: «Слухайце слова Госпада: вось, што кажа Госпад: “Заўтра, у гэтую самую гадзіну, адна мера найчысцейшай мукі будзе за адзін сікль, дзве меры ячменю за адзін сікль у браме Самарыі”».

2 У адказ на гэта правадыр, на плячо якога абапіраўся цар, сказаў чалавеку Божаму: «Хоць бы Госпад зрабіў нават вокны ў нябёсах, ніколі не можа стацца тое, што ты гаворыш». Ён адказаў: «Ты ўбачыш сваімі вачамі, і не будзеш гэтага есці!»

3 І былі чацвёра пракажоных ля ўваходу ў браму; сказалі яны адзін аднаму: «Што мы тут сядзім, чакаючы смерці?

4 Калі захочам пайсці ў горад, з голаду памром; калі застанёмся тут, таксама трэба будзе памерці. Дык хадземце, пойдзем у лагер сірыйскі. Калі пашкадуюць нас, будзем жыць; а калі захочуць забіць, то памром».

5 Дык падняліся яны ўвечары, і пайшлі да лагера сірыйцаў. А калі дайшлі да лагера сірыйскага, нікога там не знайшлі.

6 Бо ў лагеры сірыйскім даў Госпад чуць грукат калясніц, і коней, і вялікага войска; і казалі яны адзін аднаму: «Вось, цар Ізраэля наняў супраць нас цароў хетэяў і егіпцян, каб ішлі на нас».

7 Дык ускочылі яны і ўцяклі ў поцемках, і пакінулі свае палаткі, і коней, і аслоў, і лагер, як быў, і ўцяклі, ратуючы сваё жыццё.

8 І, калі прыйшлі тыя пракажаныя да краю лагера, яны ўвайшлі ў адну палатку, і наеліся, і напіліся; і набралі там срэбра і золата, і адзення, і пайшлі, і схавалі. І зноў вярнуліся ў другую палатку, і адтуль усё павыносілі і схавалі.

9 І сказалі яны адзін аднаму: «Дрэнна мы робім; бо дзень гэты — дзень радаснай весткі, а мы маўчым. Калі будзем адкладаць аж да раніцы, то нас зловяць на злачынстве; хадземце, пойдзем і паведамім у палацы цара».

10 І калі прыйшлі яны, то паклікалі вартаўнікоў горада і расказалі ім, так кажучы: «Пайшлі мы ў лагер сірыйскі і не знайшлі там ніводнага чалавека, а толькі коней, і аслоў прывязаных, і палаткі, як былі».

11 І вартаўнікі, пераклікаючыся, перадалі гэту вестку ў палац царскі.

12 І ўстаў цар ноччу, і сказаў паслугачам сваім: «Скажу вам, што зрабілі нам сірыйцы. Яны ведаюць, што мы галодныя, і таму выйшлі яны з лагера і схаваліся ў полі, думаючы так: “Калі выйдуць яны з горада, мы захопім іх жывымі і тады зможам увайсці ў горад”».

13 А адзін з паслугачоў яго адказаў: «Возьмем пяць коней, якія засталіся ў горадзе; хай яны будуць, як усё мноства Ізраэля, якое знясілена; такім чынам, мы адправім іх, і пабачым».

14 І прывялі дзве калясніцы з конямі, і цар паслаў іх за войскам сірыйскім, загадваючы: «Ідзіце і паглядзіце!»

15 Пайшлі яны за імі аж да Ярдана; і вось, уся дарога была закідана адзеннем і рэчамі, якія кідалі сірыйцы, уцякаючы. І вярнуліся пасланцы, і расказалі гэта цару.

16 І выйшаў народ, і рабаваў лагер сірыйскі. І сталася, што адна мера найчысцейшай мукі каштавала адзін сікль, а дзве меры ячменю — адзін сікль, паводле слова Госпада.

17 А цар загадаў таму правадыру, на плячо якога абапіраўся, вартаваць каля брамы; і натоўп затаптаў яго ў браме, і ён памёр, як прадказаў чалавек Божы, які гаварыў, калі прыходзіў цар да яго.

18 І сталася паводле слова чалавека Божага, якое ён сказаў цару, калі паведамляў: «Заўтра ў гэтую пару дзве меры ячменю будуць каштаваць адзін сікль, і мера найчысцейшай мукі — адзін сікль у браме Самарыі»;

19 калі той правадыр адказаў чалавеку Божаму і сказаў: «Хоць бы Госпад зрабіў нават вокны ў нябёсах, ці магло б споўніцца гэтае слова?» І той сказаў яму: «Ты, вось, убачыш гэта сваімі вачамі, а есці гэтага не будзеш».

20 Такім чынам, затаптаў яго натоўп у браме насмерць.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)