4 ЦАРСТВАЎ 8 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І сказаў Элісей той жанчыне, сына якой уваскрасіў, кажучы: «Устань і ідзі разам з сям’ёй сваёй, і абжывіся на чужыне, там, дзе зможаш; бо Госпад спаслаў вялікі голад, і ён прыйдзе на гэтую зямлю на сем гадоў». 2 Яна ж сабралася і зрабіла тое, што чалавек Божы сказаў ёй, і пайшла яна разам са сваёй сям’ёй, і абжылася ў зямлі філістынцаў на сем гадоў. 3 І па сямі гадах жанчына вярнулася з зямлі філістынцаў; і пайшла да цара прасіць за дом свой і поле сваё. 4 А цар размаўляў з Гэхазі, паслугачом чалавека Божага, кажучы: «Раскажы мне пра ўсе вялікія справы, якія ўчыніў Элісей». 5 І, калі ён расказаў пра тое, як Элісей уваскрасіў мёртвага, з’явілася жанчына, сына якой ён уваскрасіў, і маліла цара аб доме сваім і палях сваіх. І сказаў Гэхазі: «Гаспадару мой, цар, гэта тая жанчына і гэта яе сын, якога ўваскрасіў Элісей». 6 І запытаўся цар у жанчыны пра гэта, а яна адказала яму. І цар даў ёй аднаго скапца, кажучы: «Вярні ёй усё, што яе, ды ўсе даходы з поля ад дня, у які пакінула яна зямлю, і аж да цяперашняга дня». 7 І прыйшоў Элісей у Дамаск, а ў той час хварэў Бэнадад, цар Сірыі. І паведамілі яму: «Прыйшоў сюды чалавек Божы». 8 Тады сказаў цар Газаэлю: «Вазьмі дары з сабою і ідзі насустрач чалавеку Божаму, і спытайся праз яго ў Госпада, кажучы: “Ці падымуся я з гэтае хваробы сваёй?”» 9 І пайшоў Газаэль насустрач Элісею, маючы з сабой дары і ўсе багацці Дамаска, цяжарам на сорак вярблюдаў. І прыйшоў ён, і стаў перад ім, і сказаў: «Сын твой Бэнадад, цар Сірыі, паслаў мяне да цябе спытаць: “Ці я падымуся з гэтае хваробы сваёй?”» 10 Элісей сказаў: «Ідзі і скажы яму: “Ачуняеш”. Але Госпад аб’явіў мне, што ён памрэ». 11 І наставіў Элісей вочы на яго і доўга ўглядаўся, аж той занепакоіўся. І пачаў плакаць чалавек Божы. 12 Газаэль спытаўся ў яго: «Чаму плача гаспадар мой?» А ён адказаў яму: «Бо я ведаю, якое няшчасце ты зробіш сынам Ізраэля: іх мураваныя гарады агнём спаліш, і ваяроў іх мечам заб’еш, і дзяцей іх пазабіваеш, і цяжарных жанчын пасячэш». 13 І Газаэль сказаў: «Хто бо такі паслугач твой, гэты сабака, каб рабіў такія вялікія рэчы?» І сказаў Элісей: «Госпад аб’явіў мне, што ты будзеш царом Сірыі». 14 Калі пайшоў ён ад Элісея, прыйшоў да гаспадара свайго. Той спытаўся ў яго: «Што сказаў табе Элісей?» І ён адказаў: «Ён сказаў мне, што ачуняеш». 15 І, калі прыйшоў Газаэль на другі дзень, узяў подсціл, і намачыў у вадзе, і палажыў на твар яго, і той памёр; і Газаэль стаў царом замест яго. 16 На пяты год Ярама, сына Ахаба, цара Ізраэля, — а Язафат быў царом Юдэі — Ярам, сын Язафата, стаўся царом Юдэі. 17 Меў ён трыццаць два гады, калі пачаў цараваць і восем гадоў цараваў у Ерузаліме. 18 І хадзіў ён дарогамі цароў Ізраэля, як рабіў дом Ахаба; бо дачка Ахаба была яго жонкай. І рабіў ён тое, што ліхім было ў вачах Госпада. 19 Але Госпад не хацеў знішчыць Юдэі дзеля паслугача Свайго, Давіда, як Ён абяцаў яму, даць светач яму і сынам яго на ўсе часы. 20 У дні яго Эдом паўстаў, каб не быць пад Юдэяй, і паставіў сабе цара. 21 І Ярам пайшоў у Сэйру, і ўсе яго калясніцы з ім; і ўстаў ён ноччу і ўдарыў эдомцаў, якія акружылі яго і кіраўнікоў калясніц; і народ уцёк у свае палаткі. 22 Такім чынам, Эдом узбунтаваўся, каб не быць пад Юдэяй, па сённяшні дзень. Тады ж адышла таксама Лебна. 23 А астатнія дзеянні Ярама, і ўсё, што ён зрабіў, — ці ж гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі? 24 І супачыў Ярам з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з імі ў горадзе Давіда, і па ім цараваў сын яго, Ахазія. 25 На дванаццаты год Ярама, сына Ахаба, цара Ізраэля, пачаў цараваць Ахазія, сын Ярама, цара Юдэі. 26 Ахазія меў дваццаць два гады, калі стаў царом, і адзін год цараваў у Ерузаліме. Маці яго на імя Аталія, дачка Амры, цара Ізраэля. 27 І ён хадзіў шляхамі дому Ахаба, і рабіў тое, што ліхім было перад абліччам Госпада, як дом Ахаба; бо быў ён зяцем роду Ахаба. 28 Таксама пайшоў ён разам з Ярамам, сынам Ахаба, ваяваць супраць Газаэля, цара Сірыі, у Рамот у Галаадзе, і сірыйцы паранілі Ярама. 29 Ён вярнуўся ў Ізрагэль, каб лячыцца ад ран, якімі паранілі яго сірыйцы ў Раме, калі ён ваяваў супраць Газаэля, цара Сірыі. А Ахазія, сын Ярама, цар Юдэі, пайшоў наведаць Ярама, сына Ахаба, у Ізрагэль, бо той хварэў. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)