1 І ў сто шасцідзесятым годзе пайшоў Аляксандр Эпіфан, сын Антыёха, і здабыў Пталемею; і яны прынялі яго, і ён там стаў царом. 2 І пачуў пра гэта цар Дэмэтрый, і сабраў надта вялікае войска, і выступіў супраць яго ў бой. 3 І Дэмэтрый паслаў ліст Ёнату ў словах супакою, хочучы яго ўзвялічыць. 4 Бо сказаў ён: «Апярэдзім іх і заключым супакой з ім перш, чым ён заключыць яго з Аляксандрам супраць нас; 5 бо ён памятае ўсе злачынствы, якіх мы дапусціліся адносна яго і брата яго і ў дачыненні да яго народа». 6 І даў яму ўладу набіраць войска, і рыхтаваць зброю, і быць яго саюзнікам, і загадаў выдаць яму заложнікаў, што былі ў крэпасці. 7 Ды Ёната прыбыў у Ерузалім і перачытаў лісты перад усім народам і тымі, што былі ў крэпасці; 8 і яны спалохаліся надта, калі пачулі, што цар даў яму паўнамоцтвы сабраць войска. 9 І тыя, што былі ў крэпасці, аддалі Ёнату заложнікаў, а ён аддаў іх бацькам іх. 10 Ды абжыўся Ёната ў Ерузаліме, і пачаў адбудоўваць горад і аднаўляць яго; 11 і тым, хто меў выконваць работы, загадаў адбудаваць муры і гару Сіён абнесці кругом мурам з абцясаных камянёў дзеля ўмацавання: так яны і зрабілі. 12 І з умацаванняў, што пабудаваў Бакхід, чужынцы паўцякалі, 13 і кожны пакінуў месца сваё, і пайшоў у сваю зямлю; 14 толькі ў Бэтсуры засталіся некаторыя з тых, што адышлі ад закону і прыказанняў; бо было месца для сховішча. 15 І цар Аляксандр даведаўся аб прырачэннях, якія Дэмэтрый зрабіў Ёнату, і расказалі яму пра баі і мужнасць, якую ён даканаў і браты яго, і пра цяжкасці, якія яны мелі. 16 І ён сказаў: «Ці ж можам знайсці другога такога чалавека? І зараз зробім яго сабе прыяцелем і саюзнікам нашым». 17 І напісаў і паслаў яму такога зместу ліст: 18 «Цар Аляксандр брату Ёнату – прывітанне. 19 Чулі мы пра цябе, што ты мужчына адважны і варты быць нашым прыяцелем; 20 і сёння ставім цябе першасвятаром над народам тваім і будзеш называцца прыяцелем цара – і пасылае табе пурпур і вянец залаты, – у нашых справах будзь з намі ды захавай для нас сяброўства». 21 І ў дзень свята палатак, у сто шасцідзесятым годзе, у сёмым месяцы, Ёната надзеў святыя шаты; і сабраў ён войска, і падрыхтаваў многа зброі. 22 І Дэмэтрый даведаўся аб гэтых словах, і засмуціўся вельмі, і сказаў: 23 «Чаму дапусціліся мы да таго, што Аляксандр апярэдзіў нас і завязаў сяброўства з юдэямі, і гэтым умацаваўся? 24 Я таксама напішу да іх ліст заахвочвання, годнасці ды даравання, каб мне былі яны ў дапамогу». 25 І паслаў ён ліст такога зместу: «Цар Дэмэтрый народу юдэяў – прывітанне. 26 Ведаем і цешымся, што збераглі вы прымірэнне з намі, і вытрывалі ў сяброўстве з намі, не перайшлі да ворагаў нашых. 27 Дык і далей трывайце і захавайце давер да нас, і адплоцім вам дабром за тое, што робіце нам, 28 І даруем вам многа падаткаў, і дадзім вам падарункі. 29 І цяпер дарую вам і вызваляю ўсіх юдэяў ад даніны і ад падатку, ад солі і ад вянечных; 30 таксама ад трэцяй часткі збожжа, і ад палавіны пладоў з дрэў, якія мне належаць, – не буду іх спаганяць з зямлі Юдэйскай і з трох акруг, якія ад Самарыі і Галілеі былі да яе далучаны, – ад дня сённяшняга і назаўсёды; 31 і Ерузалім з усёй сваёй акругай хай будзе святым і вольным ад дзесяцін і падаткаў. 32 Адракаюся таксама ад валадарання над крэпасцю ў Ерузаліме, і аддаю яе першасвятару, каб памясціў у ёй тых людзей, каго сам выбера, каб пільнавалі яе. 33 І вызваляю без аднагароды кожнага юдэя, які быў узяты ў палон з зямлі Юдэйскай у якою-небудзь частку майго царства, і хай усе яны будуць вызвалены таксама ад падаткаў на жывёлу сваю. 34 І ўсе святочныя дні: і суботы, і дні новамесячныя, і дні, прадпісаныя законам, і тры дні перад святамі ды тры дні па святах – хай усе яны будуць днямі свабоднымі і вольнымі для ўсіх юдэяў, што знаходзяцца ў маім царстве; 35 і ніхто не будзе мець права ў аніводнай справе прыціскаць каго з іх або папракаць. 36 І паміж юдэяў каля трыццаці тысяч людзей хай бяруць у царскае войска і хай выплачваюць ім плату, як усім ваярам царскім. 37 І паміж іх хай некаторыя будуць пастаўлены ў вялікіх умацаваннях цара, і некаторыя з іх хай будуць пастаўлены над справамі ў царстве, якія робяцца на даверы, і намеснікі іх, і кіраўнікі паміж іх хай будуць і хай робяць па сваіх законах, як загадаў цар у зямлі Юдэйскай. 38 І тры акругі, якія даданы былі да Юдэі з самарыйскай зямлі, маюць быць злучаны з Юдэяй і падначальвацца толькі аднаму і каб ніякай другой уладзе не падлягалі, акрамя ўлады першасвятара. 39 Пталемею і ваколіцы яе ахвярую святыні Ерузалімскай на пакрыццё выдаткаў на святыні. 40 І я штогод даю пятнаццаць тысяч сікляў срэбра з царскіх збораў, з месцаў, належачых мне; 41 і ўсё, што засталося, чаго намеснікі не выплацілі ад ранейшага часу, маюць выплаціць з гэтага на патрэбы дома. 42 І звыш гэтага яшчэ пяць тысяч сікляў срэбра, якія кожны год браліся з даходаў святыні, – і гэта даруецца, бо яно належыць святарам, якія выконваюць службу. 43 І кожны, хто схаваецца ў святыні ў Ерузаліме і ва ўсіх яго ваколіцах, таму што вінен нешта царскай скарбоўні, або вінаваты ў якой справе, вольны будзе ён сам ды ўся яго маёмасць у маім царстве. 44 І расходы на пабудову або аднаўленне святыні будуць выдадзены са збораў цара; 45 і на адбудаванне муроў Ерузаліма і на ўмацаванне іх вакол будуць выдзелены сродкі з даходаў царскіх, як і на адбудову муроў у Юдэі». 46 Калі ж Ёната і народ даведаліся аб гэтых абяцаннях – не паверылі ім і не прынялі іх, прыпомнілі бо вялікія крыўды, якія ўчыніў у Ізраэлі і што прыціскаў іх моцна. 47 І ім больш спадабаўся Аляксандр, бо ён для іх быў першы ў словах супакою, і на яго баку ваявалі яны ўвесь час. 48 І цар Аляксандр сабраў вялікае войска і павёў лагер супраць Дэмэтрыя. 49 І пачалі бой два цары, і войска Аляксандра ўцякло, і Дэмэтрый пераследаваў яго, і перамог іх; 50 і вельмі настойліва прадаўжаў бой аж да самага заходу сонца, і паў у той дзень Дэмэтрый. 51 І Аляксандр паслаў легатаў да Пталемея, цара Егіпта, з такімі словамі: 52 «Таму што я вярнуўся ў сваё царства, і сеў на пасадзе маіх бацькоў ды ўзяў уладу, і знішчыў Дэмэтрыя, і завалодаў нашай краінай, 53 і ўступіў у бой з ім, і ён быў знішчаны, і войска яго пабіта намі, і селі мы на пасадзе яго царства; 54 і цяпер заключым сяброўства між сабою, і дай мне дачку сваю за жонку, і я буду зяцем тваім, і дам табе дары, вартыя цябе». 55 І цар Пталемей адказаў так: «Шчаслівы дзень, у які ты вярнуўся ў зямлю сваіх бацькоў ды сеў на пасадзе іх царства! 56 І зараз зраблю табе тое, пра што пішаш, але выйдзі да Пталемеі, каб пабачыцца нам адзін з адным, і каб стаў я табе цесцем, як ты сказаў». 57 І адправіўся Пталемей і дачка яго Клеапатра з Егіпта, і прыбылі ў Пталемею ў сто шэсцьдзесят другім годзе. 58 І сустрэў іх цар Аляксандр, і аддаў ён яму дачку Клеапатру, і ў Пталемеі справілі вяселле, як цары, з вялікаю пышнасцю. 59 І цар Аляксандр напісаў Ёнату, каб прыбыў да яго. 60 І ён з пышнасцю адправіўся ў Пталемею, і спаткаў там двух цароў, і даў ім многа срэбра, і золата, і дарункаў, і знайшоў ласку перад іх абліччам. 61 Ды ліхотнікі з Ізраэля, людзі злачынныя, сабраліся разам супраць яго, каб яму перашкодзіць; цар, аднак, не звярнуў на іх увагі. 62 І цар загадаў, каб Ёната зняў свае шаты ды каб яго апранулі ў пурпур; так і зрабілі. І пасадзіў цар яго каля сябе. 63 І сказаў сваім кіраўнікам: «Ідзіце з ім па сярэдзіне горада і абвясціце, каб ніхто не шкодзіў яму ні ў якой справе і каб ніхто не рабіў яму прыкрасці ні ў якой справе». 64 І сталася, што тыя, хто шкодзіў славе яго, пачулі, што аб’яўлялася, ды ўбачылі яго, апранутага ў пурпур, і ўсе паўцякалі. 65 І цар узвялічыў яго, і залічыў яго да першых сваіх прыяцеляў, і назначыў яго кіраўніком і загадчыкам улады. 66 І Ёната ў супакоі і з радасцю вярнуўся ў Ерузалім. 67 У сто шэсцьдзесят пятым годзе Дэмэтрый, сын Дэмэтрыя, прыбыў з Крыта ў зямлю сваіх бацькоў; 68 і даведаўся пра гэта цар Аляксандр, і засумаваў дужа, і вярнуўся ў Антыёхію. 69 І Дэмэтрый цар назначыў Апалонія, які быў правіцелем Цэлесірыі, і сабраў вялікае войска; ды наблізіўся да Ямніі, і да першасвятара Ёнаты паслаў вестуноў са словамі: 70 «Толькі ты адзін працівішся нам; а я выстаўлены дзеля цябе на пасмяянне і на ганьбу; і чаму ты сілу сваю супраць нас паказваеш у гарах? 71 Ды цяпер, калі да войска свайго маеш давер, сыдзі да нас на раўніну, і тут мы памераемся адзін з адным сіламі, бо са мной войска з гарадоў. 72 Запытайся і даведайся, хто я, і хто іншыя, што дапамагаюць мне, і яны кажуць: “Перад намі нага ваша ўстаяць не можа, бо бацькі твае вымушаны былі ўцякаць два разы на роднай зямлі”. 73 І цяпер не зможаш стрымаць на раўніне, дзе няма ані каменя, ані скалы, ані месца, каб уцячы, такой конніцы і войска». 74 Калі ж Ёната выслухаў гэтыя словы Апалонія, то абурыўся ў душы, і выбраў дзесяць тысяч ваяроў і выйшаў з Ерузаліма, і брат яго Сімон прыйшоў яму на дапамогу. 75 І каля Ёпэ паставіў лагер, – і тыя, што былі ў горадзе, замкнуліся, бо ў Ёпэ была варта Апалонія, – і ўдарылі яго. 76 І жыхары горада, напалоханыя, адчынілі яму, і Ёната авалодаў Ёпэ. 77 І Апалоній даведаўся пра гэта, і сцягнуў тры тысячы коннікаў ды многа войска. І адправіўся на Азот, як быццам хацеў іх абмінуць, і раптам павярнуў на раўніну, таму што меў многа конніцы, быў упэўнены ў іх. 78 І Ёната пагнаўся за ім да Азота, і ўступілі войскі ў бой. 79 І Апалоній пакінуў за імі скрытна тысячу ваяроў. 80 І Ёната заўважыў, што за ім засада; ды абкружылі яны лагер, і ад рання аж да вечара кідалі ў народ дзіды. 81 І па загадзе Ёнаты войска яго стаяла і іх коні мучыліся. 82 І Сімон перакінуў войска сваё ды ўдарыў на дружыну; бо коні ўжо змучаныя былі. Ды разбіты былі ім і ўцяклі, 83 і коні разбегліся па раўніне, і яны пабеглі ў Азот, і прыйшлі да свайго ідала Бэт-Дагона, каб там уратавацца. 84 І Ёната спаліў Азот і пасяленні, якія каля яго былі, і забраў здабычу іх, і спаліў храм Дагона разам з усімі, якія ўцяклі ў яго. 85 І тых, што загінулі ад меча, разам са спаленымі, – было каля васьмі тысяч чалавек. 86 І Ёната зняў адтуль лагер і наблізіўся да Аскалона, і жыхары горада выйшлі да яго з вялікай пашанай. 87 І Ёната разам са сваімі ваярамі, маючымі вялікую здабычу, вярнуўся ў Ерузалім. 88 І сталася, што Аляксандр, цар, даведаўся аб тых падзеях, і ўшанаваў Ёнату яшчэ больш, 89 і прыслаў яму залатую засцежку, якую, па звычаю, даравалі толькі сваякам цара, і падараваў яму Акарон і ўсе яго ваколіцы ва ўладанне. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)