Гэтая кніга не натхнёная Богам і не з'яўляецца часткай ні хрысціянскага канону, ні яўрэйскага Танаха. Яна паказваецца толькі ў гістарычных і даследчых мэтах. Паглядзець поўнае тлумачэнне 1-я Кніга Макабэяў 11 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Цар Егіпта сабраў войска, як пясок на беразе мора, і шмат караблёў, і мусіў падступна завалодаць царствам Аляксандра ды далучыць яго да свайго царства. 2 І ён прыбыў у Сірыю са словамі супакою, і адкрывалі яму гарады, і сустракалі яго, бо цар Аляксандр загадаў выходзіць яму насустрач, бо ён быў цесцем яго. 3 Пталемей жа, як толькі ўваходзіў у горад, пакідаў варту вайсковую ў кожным горадзе. 4 І калі ён прыбыў у Азот, паказалі яму спалены храм Дагона, і Азот, і ваколіцы яго разбураныя, і целы, выкінутыя і папаленыя, якія папаліў ён у вайне; бо склалі яны іх у кучы на дарозе, якою меў ён праходзіць. 5 І расказалі цару аб тым, што зрабіў Ёната, каб яго зганіць; і цар маўчаў. 6 І Ёната сустрэў цара ў Ёпэ пышна ды ўзаемна павіталіся і адпачывалі там. 7 І Ёната правёў цара аж да ракі, якая называецца Элеўтэр, і вярнуўся ў Ерузалім. 8 А цар Пталемей завалодаў прыбярэжнымі гарадамі аж да марской Сэлеўцыі, ды адносна Аляксандра меў ліхія намеры. 9 І паслаў ён да Дэмэтрыя легатаў сказаць: «Прыбудзь, заключым супакой між сабой, і дам табе дачку сваю, якую мае Аляксандр, і будзеш валадарыць у царстве бацькі свайго; 10 каюся бо, што аддаў яму дачку сваю, бо хацеў мяне забіць». 11 І паклёп навёў на яго, таму што хацеў завалодаць яго царствам. 12 І адабраў дачку сваю ды аддаў яе Дэмэтрыю, і стаў чужым Аляксандру, і выявілася варожасць між імі. 13 І Пталемей увайшоў у Антыёхію і ўсклаў сабе на галаву два вянцы: Егіпта і Азіі. 14 А цар Аляксандр у той час быў у Цыліцыі, таму што жыхары гэтых гарадоў паўсталі супраць яго; 15 і Аляксандр даведаўся пра гэта, і выступіў супраць яго вайной. І Пталемей узяў войска, і сустрэў яго моцнаю рукой, і змусіў яго ўцякаць. 16 І ўцёк Аляксандр у Арабію, каб там схавацца; цар жа Пталемей узвысіўся. 17 І араб Забадзіэль адсек галаву Аляксандру і даставіў Пталемею. 18 І на трэці дзень Пталемей цар памёр; і жыхары гарадоў пазабівалі тых, што былі ва ўмацаваннях. 19 І ў сто шэсцьдзесят сёмым годзе Дэмэтрый стаў царом. 20 У той час Ёната сабраў юдэяў, каб здабыць крэпасць у Ерузаліме; і прыгатавалі супраць яе асадныя машыны, прытым шмат. 21 І знайшліся некаторыя здраднікі, якія ненавідзелі свой народ, і пайшлі да цара, і расказалі яму, што Ёната асадзіў крэпасць. 22 І ён, пачуўшы, раззлаваўся, і адразу ж, як пачуў, падняў лагер, і прыбыў да Пталемеі, і напісаў Ёнату, каб не асаджаў крэпасць і каб паспяшаўся на перамовы з ім у Пталемею. 23 А калі пачуў пра гэта Ёната, загадаў асадзіць крэпасць, і выбраў са старэйшын Ізраэля, і са святароў, і сам выставіў сябе на небяспеку, 24 і ўзяў срэбра і золата, і адзенне, і шмат іншых дароў, і адправіўся да цара ў Пталемею, і знайшоў ласку ў яго. 25 І некалькі здраднікаў са свайго народа вінавацілі яго. 26 І цар абышоўся з ім, як абышліся з ім яго папярэднікі: і ўшанаваў яго на віду ўсіх сваіх прыяцеляў, 27 і назначыў яму першасвятарства і іншыя рэчы – усё каштоўнае, што меў раней, і зрабіў яго кіраўніком першых прыяцеляў. 28 І Ёната папрасіў цара, каб Юдэю, і тры акругі яе, і Самарыю вызваліў ад падаткаў, і паабяцаў яму трыста талентаў. 29 І цар згадзіўся і напісаў Ёнату лісты аб усіх гэтых справах такога зместу: 30 «Цар Дэмэтрый брату Ёнату і народу Юдэйскаму – прывітанне. 31 Копію ліста, які напісалі мы адносна вас Ластэну, сваяку нашаму, пішам і вам, каб вы ведалі: 32 “Цар Дэмэт рый Ластэн у бацьку – прывітанне. 33 Народу юдэйскаму, прыяцелям нашым, верна выконваючым тое, што справядліва адносна нас, мы рашылі спагадаць за іх добразычлівасць, якую яны нам аказваюць. 34 Дык мы пакідаем ім тэрыторыю Юдэі і тры акругі: Афэрэму, і Ліду, і Раматаім, якія далучаны да Юдэі ад Самарыі, ды ўсе ваколіцы іх; усіх, якія ўскладаюць у Ерузаліме ахвяры, вызваляем ад царскіх падаткаў, якія цар ад іх дасюль збіраў штогод – з таго, што ўрадзілася на зямлі і на дрэвах; 35 і ад гэтага часу зракаемся ўсяго таго, што нам належала з дзесяцін, і падаткаў, што тычыліся нас, і ад салёных азёр ды ад вянечных падаткаў, якія нам прыпадаюць, 36 і нічога з гэтага хай не будзе зменена ад гэтай хвіліны і назаўсёды. 37 Дык цяпер пастарайцеся зрабіць копію гэтых рашэнняў і ўручыць яе Ёнату, і павінен ён памясціць яе на святой гары на пачэсным месцы”». 38 І калі цар Дэмэтрый убачыў, што перад абліччам яго ўсё супакоілася на зямлі і нішто яму не працівіцца, распусціў усё войска сваё, кожнага на сваё месца, апрача чужаземнага войска, якое наняў на астравах паганаў; і ўсе дружыны, якія служылі яшчэ пры яго бацьку, варожа адносіліся да яго. 39 А Трыфан раней быў прыхільнікам Аляксандра, і заўважыў ён, што ўсе ваяры наракаюць на Дэмэтрыя, ды пайшоў да араба Імалькуэ, які гадаваў Антыёха, сына Аляксандра; 40 ды прасіў яго, каб аддаў яго яму, каб ён валадарыў замест бацькі свайго. І расказаў яму, што зрабіў Дэмэтрый і аб варожасці войска яго да яго; і там прабыў доўгі час. 41 І Ёната паслаў з просьбай да цара Дэмэтрыя, каб ён выдаліў тых, што былі ў крэпасці ў Ерузаліме, ды тых, што прабывалі ва ўмацаваннях, бо змагаліся яны супраць Ізраэля. 42 І Дэмэтрый адпісаў Ёнату так: «Не толькі гэта зраблю табе і народу твайму, але ўслаўлю цябе славаю і народ твой, калі надыдзе нагода; 43 дык цяпер добра зробіш, калі прышлеш на дапамогу мне ваяроў, бо адступіла ўсё войска маё». 44 І паслаў яму Ёната тры тысячы ваяроў баявых у Антыёхію, і яны прыбылі да цара, і суцешыўся цар іх прыбыццём. 45 І жыхары горада ў ліку каля ста дваццаці тысяч чалавек сабраліся і хацелі забіць цара; 46 і цар схаваўся ў палацы, і жыхары горада апанавалі вуліцы горада і пачалі ваяваць. 47 І цар прызваў на дапамогу юдэяў, і прыбылі яны ўсе разам да яго, і разышліся па горадзе, і ў той дзень забілі каля ста тысяч чалавек. 48 І ў той дзень спалілі горад, і забралі многа здабычы, і вызвалілі цара. 49 І калі жыхары горада пераканаліся, што гэта юдэі апанавалі горад, як хацелі, то палі духам і папрасілі цара: 50 «Падай нам правую руку, і хай юдэі перастануць ваяваць супраць нас і супраць горада». 51 Ды кінулі зброю сваю, і заключылі прымірэнне; і юдэі хадзілі ў славе перад царом і перад усімі, што былі ў яго царстве, і праславіліся ў царстве, і з вялікай здабычай вярнуліся ў Ерузалім. 52 І цар Дэмэтрый сядзеў на пасадзе царства свайго, і запанаваў супакой на зямлі яго. 53 І ён ашукаў ва ўсім, што сказаў, і стаў чужым адносна Ёнаты, і не аддаў яму за дабрадзействы, якія ад яго атрымаў, і надта дакучаў яму. 54 Па гэтых падзеях Трыфан вярнуўся, маючы з сабой Антыёха, малога яшчэ хлапчука; і пачаў ён цараванне, і ўсклаў на галаву сабе вянец. 55 І каля яго сабраліся ўсе ваяры, якіх адпусціў Дэмэтрый, і ваявалі супраць яго, і ён быў пабіты і ўцёк. 56 І Трыфан узяў сланоў і здабыў Антыёхію. 57 І малады яшчэ Антыёх напісаў Ёнату ліст такога зместу: «Стаўлю цябе першасвятаром і стаўлю цябе правіцелем над чатырма рэгіёнамі, каб быў ты прыяцелем цару». 58 І паслаў яму залатыя пасудзіны і сталовыя пасудзіны, і даў яму права піць з залатых чараў, і хадзіць у пурпуры, і насіць залатую засцежку. 59 І брата яго Сімона назначыў кіраўніком на тэрыторыі ад сходаў да Тыра аж да межаў Егіпта. 60 І Ёната пайшоў у паход і пераправіўся на той бок ракі Ярдан, і прайшоў праз гарады, і ўсё сірыйскае войска далучылася да яго, каб яму дапамагаць; і прыбыў у Аскалон, і жыхары горада сустрэлі яго ўрачыста. 61 І адтуль адправіўся ў Газу, і жыхары Газы замкнулі перад ім брамы; ды асадзіў ён яе, і спаліў тое, што было вакол горада, і ўзяў там здабычу. 62 І жыхары Газы перапрасілі Ёнату, ды падаў ён ім правіцу, і як заложнікаў узяў сыноў іх кіраўнікоў, і паслаў іх у Ерузалім; і прайшоў праз усю зямлю аж да Дамаска. 63 І Ёната даведаўся, што ў Кадэсе ў Галілеі знаходзяцца кіраўнікі Дэмэтрыя з вялікім войскам, жадаючыя пазбавіць яго ўлады; 64 ды ён пайшоў супраць іх, а свайму брату Сімону загадаў заставацца ў краі. 65 І Сімон асадзіў Бэтсуру, і доўгі час нападаў на яе ды асадзіў яе. 66 І папрасілі яго, каб падаў ім правіцу, і падаў ім яе; і выгнаў іх адтуль, і апанаваў горад, і памясціў у ім варту. 67 І Ёната са сваім лагерам наблізіўся да возера Гэнэзар, і на світанні пайшлі на раўніну Азор. 68 І вось, раўнінай крочыла на яго чужынскае войска, і ў гарах нарыхтавалі на яго засаду; і яны ішлі прама на яго. 69 І тыя, хто быў у засадзе, паўсталі з месцаў сваіх і распачалі бой. 70 І тыя, што былі з боку Ёнаты, паўцякалі ўсе, і ніхто з іх не застаўся, апрача кіраўнікоў войска: Мататыі, сына Абсалома, і Юды, сына Хальфі. 71 І Ёната раздзёр адзенне сваё, і галаву сваю пасыпаў попелам, і маліўся. 72 І вярнуўся ён да іх у бой, і ён перамог іх, і яны ўцяклі. 73 І тыя, што з боку яго ўцякалі, убачылі гэта, і вярнуліся да яго ды разам з ім пераследавалі іх да Кадэса, аж да іх лагера, і там размясціліся. 74 І паміж чужынцаў загінула таго дня тры тысячы ваяроў, і Ёната вярнуўся ў Ерузалім. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)