Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


СУДЗЬДЗЯЎ 3 - Біблія (пераклад В. Сёмухі) Біблія (пераклад В. Сёмухі)
СУДЗЬДЗЯЎ 3

Суд 3

1 Вось тыя народы, якіх пакінуў Гасподзь, каб выпрабоўваць імі Ізраільцянаў, усіх, якія ня ведалі пра ўсе войны Хананэйскія, -

2 дзеля таго толькі, каб ведалі і вучыліся ваяваць наступныя роды сыноў Ізраілевых, якія раней ня ведалі вайны:

3 пяць уладароў Філістымскіх, усе Хананэі, Сіданяне і Эвэі, якія жылі на гары Ліван, ад гары Ваал-Эрмона да ўваходу ў Эмат.

4 Яны былі пакінуты, каб выпрабоўваць імі Ізраільцянаў і даведацца, ці слухаюцца яны запаведзяў Гасподніх, якія Ён наказаў бацькам іхнім праз Майсея.

5 І жылі сыны Ізраілевыя сярод Хананэяў, Хэтэяў, Амарэяў, Фэрэзэяў, Эвэяў і Евусэяў:

6 і бралі дочак іхніх сабе за жонак, і сваіх дочак аддавалі за сыноў іхніх, і служылі багам іхнім.

7 І ўчынілі сыны Ізраілевыя ліхое перад вачыма Госпада, і забылі Госпада, Бога свайго, і служылі Ваалам і Астартам.

8 І ўспалымніўся гнеў Гасподні на Ізраіля, і аддаў іх у рукі Хусарсатэму, цару Месапатамскаму, і служылі сыны Ізраілевыя Хусарсатэму восем гадоў.

9 Тады заенчылі сыны Ізраіля да Госпада, і паставіў Гасподзь ратаўніка сынам Ізраілевым, які ўратаваў іх, Гатанііла, сына Кеназа, малодшага брата Халева.

10 На ім быў Дух Гасподні, і быў ён судзьдзя Ізраіля. Ён выйшаў на вайну, і аддаў Гасподзь у рукі яму Хусарсатэма, цара Месапатамскага, і адолела рука ягоная Хусарсатэма.

11 І спакойна было ў зямлі сорак гадоў. І памёр Гатанііл, сын Кеназаў.

12 Сыны Ізраілевыя зноў пачалі ўчыняць ліхое перад вачыма Госпада, і ўмацаваў Гасподзь Эглона, цара Маавіцкага, супроць Ізраільцянаў, за тое, што ўчынялі яны ліхое перад вачыма Госпада.

13 Ён сабраў да сябе Аманіцянаў і Амалікіцянаў, і пайшоў і пабіў Ізраільцянаў, і авалодалі яны горадам Пальм.

14 І служылі сыны Ізраілевыя Эглону, цару Маавіцкаму, васямнаццаць гадоў.

15 Тады заенчылі сыны Ізраілевыя да Госпада, і Гасподзь паставіў ім ратаўніка Аода, сына Геры, сына Эмініевага, які быў ляўко. І паслалі сыны Ізраілевыя зь ім дарункі Эглону, цару Маавіцкаму.

16 Аод зрабіў сабе меч двусечны, даўжынёю ў локаць, і падперазаў яго пад плашчом сваім да правага сьцягна.

17 І паднёс дарункі Эглону, цару Маавіцкаму; а Эглон быў чалавек вельмі тоўсты.

18 Калі паднёс Аод усе дарункі і правёў людзей, якія прынесьлі дарункі,

19 дык сам вярнуўся ад балванаў, якія ў Галгале, і сказаў: у мяне ёсьць таемнае слова табе, цару. Той сказаў: цішэй! І выйшлі ад яго ўсе, што стаялі пры ім.

20 Аод падышоў да яго; ён сядзеў у прахалодным пакоі, які быў у яго асобна. І сказаў Аод: у мяне ёсьць да цябе слова Божае. Эглон устаў з крэсла.

21 Аод працягнуў левую руку сваю, і ўзяў меч з правага сьцягна свайго, і ўсадзіў яго ў чэрава ягонае,

22 так што ўвайшла за вастрыём і тронка, і тлушч закрыў вастрыё; бо Аод ня выняў меча з чэрава ягонага, і ён прайшоў у заднія часткі.

23 І выйшаў Аод за дзьверы, і зачыніў за сабою дзьверы верхняга пакоя, і замкнуў.

24 Калі ён выйшаў, рабы Эглона прыйшлі, і бачаць, вось, дзьверы верхняга пакоя замкнутыя, і кажуць: мабыць, ён дзеля патрэбы ў прахалодным пакоі.

25 Чакалі даволі доўга, але бачачы, што ніхто не адчыняе дзьвярэй сьвяцёлкі, узялі клюя і адамкнулі, і вось, гаспадар іхні ляжыць на зямлі мёртвы.

26 Пакуль яны здаўмяваліся, Аод тым часам сышоў, прайшоў міма балванаў і ўратаваўся ў Сэіраце.

27 А прыйшоўшы, затрубіў у трубу на гары Яфрэмавай, і сышлі зь ім сыны Ізраілевыя з гары, і ён ішоў наперадзе іх.

28 І сказаў ім: ідзеце за мною: бо аддаў Гасподзь ворагаў вашых Маавіцянаў у рукі вашыя. І пайшлі за ім, і перахапілі пераправу церазь Ярдан да Маава, і не давалі нікому пераходзіць.

29 І пабілі ў той час Маавіцянаў каля дзесяці тысяч чалавек, усіх здаровых і дужых, і ніхто ня ўцёк.

30 Так упакорыліся ў той дзень Маавіцяне Ізраілю, і было спакойна ў зямлі восемдзесят гадоў.

31 Пасьля Аода быў Самэгар, сын Анатаў, які шэсьцьсот чалавек Філістымлянаў пабіў валовым ражном; ён таксама ўратаваў Ізраіля.