Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ПСАЛТЫР 95 - Біблія (пераклад В. Сёмухі) Біблія (пераклад В. Сёмухі)
ПСАЛТЫР 95

Пс 95

1 Пахвальная песьня Давідава. На будову дома. Засьпявайце Госпаду песьню новую; засьпявайце Госпаду, уся зямля;

2 сьпявайце Госпаду, дабраслаўляйце імя Ягонае, зьвястуйце дзень у дзень выратаваньне Ягонае;

3 абвяшчайце ў народах славу Ягоную, ва ўсіх плямёнах дзівосы Ягоныя;

4 бо вялікі Гасподзь і праслаўлены, грозны Ён над багамі ўсімі.

5 Бо ўсе багі народаў - ідалы, а Гасподзь нябёсы стварыў.

6 Слава і веліч прад абліччам Ягоным, сіла і вялікае хараство ў сьвятыні Ягонай.

7 Дайце Госпаду, плямёны народаў, дайце Госпаду славу і гонар;

8 дайце Госпаду славу імя Ягонага, нясеце дары, і ідзеце ў двары Ягоныя;

9 пакланецеся Госпаду ў аздобе сьвятыні. Трымцеце прад абліччам Ягоным, уся зямля!

10 Скажэце народам: валадарыць Гасподзь! таму сусьвет цьвёрды, не пахісьнецца. Ён будзе судзіць народы па праўдзе.

11 Хай весяляцца нябёсы, і хай радуецца зямля; хай шуміць мора і ўсё, што ў ім;

12 хай радуецца поле і ўсё, што на ім, і хай сьпяваюць тады ўсе дрэвы ў дубровах

13 прад абліччам Госпада, бо ідзе судзіць зямлю. Ён будзе судзіць сусьвет па праўдзе, і народы паводле ісьціны Сваёй.