ПСАЛТЫР 94 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 94 1 Пахвальная песьня Давідава. Прыйдзеце, засьпяваем Госпаду, усклікнем Богу, цьвярдыні ратунку нашага; 2 станьма прад абліччам Ягоным з хвалою, у песьнях усклікнем Яму, 3 бо Гасподзь ёсьць Бог вялікі і Цар над усімі багамі. 4 У руцэ Ягонай глыбіні зямлі, і вяршыні гор - Ягоныя; 5 Ягонае - мора, і Ён стварыў яго, і сушу стварылі рукі Ягоныя. 6 Прыйдзеце, паклонімся і прыпадзем, укленчым прад абліччам Госпада, Творцы нашага, 7 бо Ён ёсьць Бог наш, і мы - людзі паствы Ягонай і авечкі рукі Ягонай. О, калі б вы сёньня паслухалі голасу Яго: 8 «ня ўпускайце жорсткасьць у сэрца вашае, як у Мэрыве, як у дзень спакушэньня ў пустыні, 9 дзе спакушалі Мяне бацькі вашыя, выпрабоўвалі Мяне, і бачылі дзею Маю. 10 Сорак гадоў раздражняў Мяне род гэты, Я сказаў: гэта народ, які заблудзіўся сэрцам; яны не спазналі дарог Маіх; 11 і таму прысягнуў Я ў гневе Маім, што яны ня ўвойдуць у Мой спакой». |