Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ПСАЛТЫР 91 - Біблія (пераклад В. Сёмухі) Біблія (пераклад В. Сёмухі)
ПСАЛТЫР 91

Пс 91

1 Псальма. Песьня на дзень суботні.

2 Дабро ёсьць - славіць Госпада і сьпяваць імю Твайму, Усявышні,

3 абвяшчаць раніцай ласку Тваю і праўду Тваю ўначы,

4 на дзесяціструнным і на псалтыры, зь песьняю на арфе.

5 Бо Ты ўсьцешыў мяне, Госпадзе, тварэньнем Тваім; я захапляюся дзеямі рук Тваіх.

6 Якія вялікія дзеі Твае, Госпадзе! дзівосна глыбокія помыслы Твае:

7 Чалавек няцямны ня ведае, і недавумак не разумее таго.

8 Тым часам як бязбожныя растуць, бы трава, і ліхадзеі квітнеюць, каб зьнікнуць навечна, -

9 Ты, Госпадзе, высокі векавечна!

10 Бо вось, ворагі Твае, Госпадзе, - вось, ворагі Твае гінуць, і рассыпаюцца ўсе ліхадзеі;

11 а мой рог Ты падымаеш, як рог аднарога, і я ўмашчаны сьвежым алеем;

12 і вока маё глядзіць на ворагаў маіх, і вушы мае чуюць пра паўсталых на мяне злыдняў.

13 Праведнік цьвіце, як пальма, узвышаецца, быццам кедр на Ліване.

14 Пасаджаныя ў доме Гасподнім, яны цьвітуць на падворках Бога нашага;

15 яны і ў старасьці пладаносныя, сакавітыя і сьвежыя,

16 каб абвяшчаць, што Гасподзь справядлівы, цьвярдыня мая, і няма ў Ім няпраўды.