Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ПСАЛТЫР 90 - Біблія (пераклад В. Сёмухі) Біблія (пераклад В. Сёмухі)
ПСАЛТЫР 90

Пс 90

1 Пахвальная песьня Давідава. Хто жыве пад аслонаю Ўсявышняга, той пакоіцца ў засені Ўсемагутнага,

2 кажа Госпаду: прыстанішча мне і Заступніку мой, Божа мой, на Цябе спадзяюся!

3 Ён цябе вызваліць зь сетак лаўца, ад пагібельнай пошасьці;

4 пер'ем Сваім Ён цябе ўзасьціць, і пад крыльлем ягоным убясьпечышся; шчыт і аслона - ісьціна Ягоная.

5 Не збаішся страху начнога, ні стралы, што ўдзень пралятае,

6 ні пошасьці, што ў цемры ходзіць, ані пошасьці, што нішчыць апоўдні.

7 Упадзе тысяча побач з табою, і дзесяць тысяч праваруч ад цябе; але да цябе не наблізіцца:

8 толькі глядзецьмеш вачыма тваімі і ўбачыш помсту бязбожнікам.

9 Бо сказаў Ты: Гасподзь - надзея мая; Усявышняга выбраў ты прыстанішчам тваім;

10 ліха цябе не спаткае, і пошасьць жытла твайго не зачэпіць;

11 бо анёлам Сваім наказвае пра цябе - ахоўваць цябе на ўсіх дарогах тваіх,

12 і на руках цябе панясуць, каб не спатыкнуўся ты аб камень нагою тваёю;

13 на асьпіда і васіліска наступіш і патопчаш ільва і дракона.

14 «За тое, што ён палюбіў Мяне, уратую яго; абараню яго, бо ён спазнаў імя Маё.

15 Пакліча Мяне і пачую яго: зь ім Я ў жалобе, вызвалю яго, і праслаўлю яго;

16 даўжынёю дзён напоўню яго, і пакажу яму выратаваньне Маё».