Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ПСАЛТЫР 88 - Біблія (пераклад В. Сёмухі) Біблія (пераклад В. Сёмухі)
ПСАЛТЫР 88

Пс 88

1 Вучэньне Этана Эзрахіта.

2 Пра ласкі Твае, Госпадзе, буду сьпяваць вечна, з роду ў род абвяшчаць праўду Тваю вуснамі маімі,

3 бо кажу: будзе навек пакладзена ласка, на нябёсах уцьвердзіў Ты праўду Тваю, калі сказаў:

4 «Я склаў запавет з выбранцам Маім, прысягаўся Давіду, рабу Майму:

5 навечна ўгрунтую семя тваё, і твой род уладжу навечна».

6 І праславяць нябёсы дзівосныя дзеі Твае, Госпадзе, і праўду Тваю ў саборы сьвятых,

7 бо хто на нябёсах дараўнаецца з Богам? хто паміж сынамі Божымі спадобніцца Госпаду?

8 Грозны Бог у вялікім гурце сьвятых, грозны Ён усім, хто Яго атачае.

9 Госпадзе, Божа сіл! хто моцны, як Ты, Госпадзе? І праўда Твая навокал Цябе.

10 Ты валадарыш над лютасьцю мора; калі ўздымаюцца хвалі яго, Ты іх таймуеш.

11 Ты скінуў Раава, як пабітага; моцнаю мышцай Тваёю расьсеяў ворагаў Тваіх.

12 Твае - нябёсы і Твая - зямля; сусьвет, і што напаўняе яго, Ты заснаваў.

13 Поўнач і поўдзень Ты стварыў; Фавор і Ярмон зь імя Твайго радуюцца.

14 Моцная мышца Твая, дужая рука, высокая правіца Твая!

15 Правасудзьдзе й істасьць - аснова трона Твайго; любасьць і праўда прад абліччам Тваім ходзяць.

16 Дабрашчасны народ, які ведае трубны кліч! Яны ходзяць у сьвятле аблічча Твайго, Госпадзе;

17 а зь імя Твайго радуюцца кожны дзень, і праўдаю Тваёю хваляцца,

18 бо Ты акраса сілы іхняе, і добраю воляй Тваёю ўзвышаецца рог наш.

19 Ад Госпада - шчыт наш, і ад Сьвятога Ізраілевага цар наш.

20 Калісьці казаў Ты ва ўяве сьвятому Твайму і сказаў: «Я дапамог мужнаму, узьнёс абранца з народу.

21 Я здабыў Давіда, раба Майго, сьвятым алеем Маім памазаў яго.

22 Рука Мая будзе зь ім, і мышца Мая ўмацуе яго.

23 Вораг не пераможа яго, і сын беззаконьня ня ўцісьне яго.

24 Скрышу перад ім ворагаў ягоных, і паб'ю ненавісьнікаў ягоных,

25 і праўда Мая і ласка Мая зь ім, і Маім імем узвысіцца рог ягоны,

26 і пакладу на мора руку ягоную, і на рэкі - правіцу ягоную

27 Ён будзе клікаць мяне: Ты Бацька мой, Бог мой і цьвярдыня ратунку майго.

28 І Я зраблю яго першынцам, вышэйшым за цароў зямных,

29 навек захаваю яму ласку Маю, і запавет Мой зь ім будзе правільны.

30 І прадоўжу навечна семя ягонае, і ягоны трон - як дні неба.

31 Калі сыны ягоныя пакінуць закон Мой, і ня будуць хадзіць паводле наказаў Маіх;

32 калі парушаць пастановы Мае, і загадаў Маіх не захаваюць:

33 наведаю жазлом беззаконьне іхняе, і ўдарамі - няпраўду іхнюю;

34 а ласкі Маёй не пазбаўлю яго, і не зьмяню ісьціны Маёй.

35 Не парушу запавету Майго, і не памяняю таго, што выйшла з вуснаў Маіх,

36 Аднойчы прысягнуў сьвятасьцю Маёю: а ці зманю Давіду?

37 Семя ягонае будзе вечна, і трон ягоны, як сонца, прада Мною;

38 вечна будзе цьвёрды, як месяц, і сьведка праўдзівы на нябёсах».

39 Але Ты адкінуў і пагардзіў, угневаўся на памазанца Твайго;

40 занядбаў запавет з рабом Тваім, кінуў на зямлю вянок ягоны;

41 разбурыў усе агароджы ягоныя, абярнуў у руіны крэпасьці ягоныя.

42 Рабуюць яго ўсе, хто праходзіць дарогаю; пасьмешышчам стаўся ён суседзям сваім.

43 Ты ўзвысіў правіцу супраціўцаў ягоных, парадаваў усіх ворагаў ягоных.

44 Ты павярнуў назад лязо меча ягонага, і не ўмацаваў яго ў бітве;

45 адабраў у яго бляск, і трон ягоны скінуў долу;

46 скараціў дні маладосьці ягонай, і пакрыў яго сорамам».

47 Дакуль, Госпадзе, будзеш хавацца няспынна, будзе палаць лютасьць Твая, як вагонь?

48 Прыгадай, які век мой: на якую марноту стварыў Ты ўсіх сыноў чалавечых?

49 Хто зь людзей жыў - і ня бачыў сьмерці, выбавіў душу сваю ад рукі апраметнай?

50 Дзе ранейшыя міласьці Твае, Госпадзе? Ты прысягаў Давіду ісьцінай Тваёю.

51 Прыгадай, Госпадзе, паганьбеньне рабоў Тваіх, якое нашу я ў нетрах маіх ад усіх моцных народаў,

52 як бэсьцяць ворагі Твае, Госпадзе, як няславяць сьляды памазанца Твайго.

53 Дабраславёны Гасподзь навечна! Амін, амін!