Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 87 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Пс 87

1 Песьня. Псальма. Сыноў Карэевых. Кіроўцу хору на Махалат, для сьпяваньня. Вучэньне Этана Эзрахіта.

2 Госпадзе, Божа ратунку майго! удзень лямантую і ўначы прад Табою.

3 Хай дойдзе малітва мая прад аблічча Тваё; нахілі вуха Тваё да маленьня майго.

4 Бо душа мая насыцілася немарасьцямі, і жыцьцё маё наблізілася да апраметнай.

5 Я дараўнаўся да тых, што ў магілу сыходзяць; я стаў, як чалавек бязь сілы,

6 паміж мёртвымі кінуты, - як забітыя, што ляжаць у магіле, пра якіх Ты больш не ўспамінаеш і якія ад рукі Тваёй адкінутыя.

7 Ты паклаў мяне ў дол апраметны, у морак, у бездань.

8 Легла на мяне лютасьць Твая, і ўсімі хвалямі Тваімі Ты пабіў мяне.

9 Ты адвёў ад мяне знаёмых маіх, зрабіў мяне агідным для іх; я ўвязьнены і не магу выйсьці.

10 Вока маё ад гароты стамілася; цэлы дзень я клікаў Цябе, Госпадзе; працягваў рукі свае да Цябе.

11 Хіба над мёртвымі ўчыніш Ты цуд? Хіба мёртвыя ўстануць і будуць славіць Цябе?

12 Альбо ў магіле будзе абвяшчацца ласка Твая, і праўда Твая - у месцы тленьня?

13 Хіба ж у мораку спазнаюцца дзівосы Твае, і ў зямлі забыцьця - праўда Твая?

14 але я Цябе, Госпадзе, клічу, і рана раніцай малітва мая сустракае Цябе.

15 Навошта, Госпадзе, адкідаеш душу маю, хаваеш аблічча Тваё ад мяне?

16 Я няшчасны і парахнею зь дзяцінства; нясу жахі Твае, і зьнемагаю.

17 Над мною прайшла лютасьць Твая; страхоцьці Твае зламалі мяне,

18 кожны дзень абступаюць мяне, як вада: аблягаюць мяне ўсе разам.

19 Ты аддаліў ад мяне сябра і блізкага; знаёмых маіх ня відаць.

Сачыце за намі:



Аб'явы