Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ПСАЛТЫР 74 - Біблія (пераклад В. Сёмухі) Біблія (пераклад В. Сёмухі)
ПСАЛТЫР 74

Пс 74

1 Кіроўцу хору. Не загубі. Псальма Асафава. Песьня.

2 Славім Цябе, Божа, славім; бо блізка імя Тваё; абвяшчаюць цуды Твае.

3 «Калі Я выберу час, Я ўчыню суд па праўдзе.

4 Хістаюцца зямля і ўсе, хто на ёй жыве: Я ўмацую стаўпы яе».

5 Кажу ліхамысным: не шалейце, і бязбожным: не падымайце рога,

6 не падымайце высока рога вашага, не гаварэце цьвёрдалоба,

7 бо не ад усходу і не ад захаду і не ад пустыні ўзвышэньне;

8 а Бог ёсьць Судзьдзя: аднаго прыніжае, а другога ўзносіць;

9 бо чара ў руцэ ў Госпада, віно ў ёй кіпіць, поўнае мяшанага, і Ён палівае зь яе. Нават дрожджы зь яе будуць выціскаць і піць усе бязбожнікі зямлі.

10 А я буду абвяшчаць вечна, буду апяваць Бога Якаўлевага.

11 Усе рогі бязбожнікаў паламаю, і ўзьнясуцца рогі праведніка.