ПСАЛТЫР 75 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 75 1 Кіроўцу хору. На струнных. Псальма Асафава. Песьня. 2 Вядомы Бог у Юдэі; Ягонае імя вялікае ў Ізраіля. 3 І было ў Саліме селішча Ягонае, і жыў Ён - на Сіёне. 4 Ён там паламаў стрэлы лука, шчыт і меч і вайну. 5 Ты слаўны, магутнейшы за дзікія горы. 6 Моцныя сэрцам здабычаю сталі, заснулі сном сваім, і не знайшлі ўсе мужчыны сілы ў руках сваіх. 7 Ад клічу Твайго, Божа Якаваў, задрамалі і калясьніца і конь. 8 Ты грозны, і хто ўстоіць прад абліччам Тваім у час гневу Твайго? 9 Зь нябёсаў Ты суд абвясьціў: зямля забаялася і замоўкла, 10 калі паўстаў Бог на суд, каб выратаваць усіх прыгнечаных на зямлі. 11 І гнеў чалавечы абярнуўся на славу Табе, рэшту гневу Ты ўтаймуеш. 12 Рабеце і давайце зарокі Госпаду, Богу вашаму; усе, хто вакол Яго, хай прынясуць дарункі Страшнаму. 13 Ён таймуе дух валадароў, Ён страшны царам зямным. |