Пс 691 Кіроўцу хору. Псальма Давідава. На ўспамін. 2 Пасьпяшайся, Божа, вызваль мяне, пасьпяшайся, Госпадзе, на дапамогу мне. 3 Хай пасаромяцца і хай паганьбаваныя будуць усе, што шукаюць загубы душы маёй! Няхай адхіснуцца і абсьмяяныя будуць тыя, што зычаць мне ліха! 4 Няхай адхіснуцца за паганьбаваньне мяне і тыя, што кажуць мне: «добра! добра!». 5 Няхай радуюцца і весяляцца Табою ўсе, што Цябе шукаюць, і хто любіць збавеньне Тваё, хай кажуць заўсёды: вялікі Гасподзь! 6 А я гаротны і ўбогі: Божа, пасьпяшайся да мяне! Ты - дапамога мая і Збаўца мой; Госпадзе! не спазьніся. |