Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 70 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


Пс 70

1 На Цябе, Госпадзе, спадзяюся; хай ня буду вавек пасаромлены.

2 Праўдай Тваёй мяне вызвалі і выбаві; прыхілі вуха Тваё да мяне, і ўратуй мяне.

3 Будзь мне трывалым прыстанішчам, куды я заўсёды мог бы схавацца; Ты наказаў уратаваць мяне, бо цьвярдыня мая і моцнасьць мая - Ты.

4 Божа мой! вызвалі мяне з рук бязбожніка, з рук бязбожніка і прыгнятальніка.

5 Бо Ты - надзея мая, Госпадзе Божа, спадзяваньне маё зь юнацтва майго.

6 На Цябе апіраўся я быў ад улоньня; Ты вывеў мяне з чэрава маці маёй; Табе хвала мая ня спыніцца.

7 Многім я стаўся нібыта дзівам; але Ты - цьвёрдая надзея мая.

8 Няхай вусны мае хвалою напоўняцца, каб я Табе славу сьпяваў, кожны дзень апяваў Тваю веліч.

9 Не адкідай мяне на час старасьці; як пачне мая сіла слабнуць, не пакінь мяне,

10 бо ворагі мае супраць мяне змаўляюцца, і тыя, што цікуюць душу маю, - ладзяць нарады,

11 кажучы: «Бог яго кінуў; даганеце і схапеце яго; бо няма таго, хто б яго ўратаваў».

12 Божа! не аддаляйся ад мяне; Божа мой! пасьпяшайся мне на дапамогу.

13 Хай пасаромяцца і зьнікнуць супастаты душы маёй; хай сорам і ганьба пакрые тых, што зычаць мне ліха!

14 А я заўсёды буду на Цябе спадзявацца і памнажаць Тваю славу.

15 Вусны мае абвяшчацьмуць праўду Тваю, кожны дзень Твае добрыя дзеі; бо я ня ведаю ліку ім.

16 Буду славіць усемагутнасьць Госпада Бога; згадаю праўду Тваю - адзіна Тваю.

17 Божа! Ты навучаў мяне зь дзён маёй маладосьці, і да сёньня дзівосы Твае я абвяшчаю.

18 І да старасьці, і да сівізны не пакінь мяне, Божа, пакуль не абвяшчу Тваю сілу гэтаму роду і ўсім будучым магутнасьць Тваю.

19 Праўда Твая, Божа, да найвышэйшых; вялікія дзеі ўчыніў Ты; Божа, хто падобны да Цябе?

20 Ты пасылаў на мяне многія і лютыя беды, але і зноў ажыўляў мяне і зь бездані зямлі зноў выводзіў мяне.

21 Ты ўзвышаў мяне і суцяшаў мяне, і зь бездані зямлі выводзіў мяне.

22 І я буду славіць Цябе на псалтыры, Тваю праўду, Божа мой; буду Цябе апяваць на арфе, Сьвяты Ізраілеў!

23 Радуюцца вусны мае, калі я сьпяваю Табе, і душа мая, якую Ты вызваліў;

24 і язык мой кожны дзень будзе абвяшчаць праўду Тваю, бо пасаромленыя, бо паганьбёныя тыя, што ліха шукаюць мне.

Сачыце за намі:



Аб'явы