Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ПСАЛТЫР 65 - Біблія (пераклад В. Сёмухі) Біблія (пераклад В. Сёмухі)
ПСАЛТЫР 65

Пс 65

1 Клікніце Богу, уся зямля.

2 Сьпявайце славу імю Ягонаму; гонар славе Ягонай, хвала Яму.

3 Скажэце Богу: грозны Ты ў дзеях Тваіх! У вялікай сіле Тваёй упакорацца Табе ворагі Твае.

4 Хай паклоніцца Табе ўся зямля і сьпявае Табе, хай сьпявае імю Твайму, Усявышні!

5 Прыйдзеце і гляньце на дзеі Бога, грознага ў дзеях супроць сыноў чалавечых.

6 Ён мора ў сушу ператварыў: раку перайшлі нагамі; там радасьць была нам у Ім.

7 Магутнасьцю Сваёю ўладарыць Ён вечна; вочы Ягоныя глядзяць на народы, хай ня ўзносяцца бунтаўшчыкі.

8 Дабраславеце, народы, Бога нашага і ўзнясеце славу Яму.

9 Ён жыцьцё захаваў душы нашай, і назе нашай ня даў пахіснуцца.

10 Ты нас выпрабаваў, Божа, ператапіў нас, як топяць срэбра.

11 Ты ўвёў нас у сетку, аковы паклаў нам на сьцёгны нашыя,

12 пасадзіў чалавека на галаву нам. Мы ўвайшлі ў вагонь і ў ваду, і Ты вывеў нас на волю.

13 Увайду ў дом Твой з цэласпаленьнямі, аддам Табе зарукі мае,

14 якія вымавілі вусны мае і сказаў язык мой у скрусе маёй.

15 Цэласпаленьні тлустыя прынясу я Табе, з дымам ахвярным з авечага лою; ахвярую валоў і казлоў.

16 Прыйдзеце, паслухайце ўсе, богабаязныя, і я абвяшчу вам, што стварыў Ён душы маёй.

17 Я паклікаў Яго вуснамі маімі і ўславіў Яго языком маім.

18 Калі б угледзеў я беззаконьне ў сэрцы маім, дык не пачуў бы мяне Гасподзь.

19 Але Бог пачуў, уважыў голасу маленьня майго.

20 Дабраславёны Бог, Які не адкінуў малітвы маёй і не адвярнуў ад мяне ласкі Свае.