ПСАЛТЫР 64 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 64 1 Кіроўцу хору. Псальма Давідава для сьпяваньня. 2 Табе, Божа, належыць хвала на Сіёне, і Табе будзе дадзена абяцаньне ў Ерусаліме. 3 Ты чуеш малітву; да Цябе ўсё жывое прыходзіць. 4 Учынкі грахоўных адольваюць мяне. Ты ачысьціш злачынствы нашыя. 5 Дабрашчасны, каго Ты абраў і наблізіў, каб ён жыў у сялібах Тваіх. Насыцімся дабром дома Твайго, сьвятога храма Твайго. 6 Страшны ў правасудзьдзі, пачуй нас, Божа, Ратаўнік наш, надзея ўсіх канцоў зямлі і ўсіх, хто далёка ў моры, 7 Ты, Хто горы паставіў сілаю Сваёю, магутнасьцю аперазаны, 8 Хто таймуе гул мораў, плёскат іхніх хваляў, і бунт народаў! 9 І забаяцца азнакаў Тваіх жыхары ўсіх канцоў зямлі. І ранак і вечар абудзіш на славу Тваю. 10 Ты наведваеш сушу і спатольваеш смагу яе, шчодра яе ўзбагачаеш: паток Божы поўны вады; Ты яе збожжа гатуеш, бо так яе зладзіў; 11 Ты поіш барозны яе, раўняеш камлыгі яе, пульхніш яе кроплямі дажджу, дабраслаўляеш расьліннасьць яе; 12 вянчаеш лета даброці Тваёй, і сьцежкі Твае кроплямі тлушчу цякуць; 13 цякуць на пустэльныя пашы, і пагоркі радасьцю апяразваюцца, 14 лугі апранаюцца ў статкі, і даліны ўкрываюцца збажыною, гукаюць яны і сьпяваюць. |