Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ПСАЛТЫР 139 - Біблія (пераклад В. Сёмухі) Біблія (пераклад В. Сёмухі)
ПСАЛТЫР 139

Пс 139

1 Кіроўцу хору. Псальма Давідава.

2 Збаві мяне, Госпадзе, ад чалавека ліхога; ахавай мяне ад прыгнятальніка:

3 яны ліхое думаюць у сэрцы, кожны дзень на бойку ладзяцца,

4 яны востраць свой язык, як зьмей, яд асьпіда пад вуснамі іхнімі.

5 Упільнуй мяне, Госпадзе, ад рук бязбожнага, ахавай мяне ад прыгнятальнікаў, якія намысьлілі пахіснуць ногі мае.

6 Гардзеі паставілі на мяне пасткі і петлі, раскінулі сетку на дарозе, цянёты раскінулі на мяне.

7 Я сказаў Госпаду: Ты - Бог мой; пачуй, Госпадзе, голас маленьняў маіх!

8 Госпадзе, Госпадзе, сіла ратунку майго! Ты пакрыў галаву маю ў дзень бою.

9 Ня дай, Госпадзе, жаданага бязбожніку; ня дай посьпеху ліхому намыслу яго; яны заганарацца.

10 Хай пакрые галовы тых, што мяне абступілі, ліха ад іхніх жа вуснаў.

11 Хай ападзе на іх распалены жар; хай будуць укінуты ў вагонь, у прорвы, каб і ня ўсталі.

12 Чалавек злоязыкі хай ня ўмацуецца на зямлі; а ліха няхай прыгнятальніка ў пропадзь зьвядзе.

13 Ведаю, што Гасподзь ўчыніць суд над прыгнятальнікамі і справядлівасьць бедным.

14 Так! праведныя ўславяць імя Тваё: беззаганныя будуць жыць прад абліччам Тваім.